Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

по́лаз ​1, ‑а; мн. палазы, ‑оў; м.

1. Адна з дзвюх ніжніх частак саней у выглядзе загнутай спераду драўлянай паласы (або металічнай пласціны). Спрасаваны людскімі нагамі ды саннымі палазамі снег быў цвёрды, што на таку. Сіняўскі. Рэзка рыпеў снег пад палазамі чатырох партызанскіх саней. Краўчанка.

2. Спецыяльны брус, які падкладаецца пад ніз пры перавозцы цяжару, пры спуску суднаў і пад.

по́лаз ​2, ‑а, м.

Неядавітая змяя сямейства вужоў. Амурскі полаз.

по́ласцевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да поласці. // Які знаходзіцца ў поласці. Поласцевая вадкасць.

по́ласць, ‑і, ж.

Прастора ў жывёльным арганізме, парожняя або запоўненая чым‑н., адмежаваная ўнутранымі паверхнямі сценак цела. Поласць рота. Брушная поласць.

•••

Гаймарава поласць — прыдаткавая поласць носа ў верхняй сківіцы, высланая слізістай абалонкай.

по́латы, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад палоць.

по́лаўцы, ‑аў; адз. полавец, ‑лаўца, м.; палаўчанка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. палаўчанкі, ‑нак; ж.

Гіст. Народнасць цюркскага паходжання, якая ў 11–13 стст. насяляла паўднёварускія стэпы.

по́лба, ‑ы, ж.

Адзін з відаў пшаніцы.

по́лбенны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да полбы. Полбеннае поле. // Прыгатаваны з полбы. Полбенная каша.

по́ле, ‑я, н.

1. Абшар зямлі, прызначаны, прыгодны для ворыва. Балеслаў стаяў у самым лесе, на мяжы з полем. Чорны. Па той бок Нёмана лугі ідуць, а за лугамі — лес і поле. Колас. // Засеяны або падрыхтаваны да пасеву ўчастак зямлі. За садам разгортвалася вялікае поле канюшыны. Бядуля. Малашонак доўга не здаваўся, але ўсё ж штучнае ўгнаенне зааралі ў глебу разам з гноем, рыхтуючы поле пад кукурузу. Ермаловіч. // чаго або якое. Вялікі абшар, прастора, накрытая чым‑н. [Маечка] потым доўга расказвала бацьку, як яны хутка імчаліся па дарозе, як з-пад капытоў каня ляцеў іскрысты снег, як прыгожа блішчыць за вёскай снежнае поле. Краўчанка. // чаго або якое. Прастора, прызначаная для чаго‑н.; пляцоўка. Лётнае поле. Футбольнае поле.

2. Спец. Прастора дзеяння якіх‑н. сіл. Электрычнае поле. Магнітнае поле.

3. перан.; чаго або якое. Галіна, сфера (якой‑н. дзейнасці, заняткаў і пад.). З гадамі ж увогуле поле дзейнасці для будаўніка ў вёсцы стане неабмежаваным. Хадкевіч. «Вось дзе багатае поле для гераічных учынкаў», — думаў ён. Шамякін.

4. Фон, на якім нанесены ўзоры. Тканіна з узорам на атласным полі. Паркаль у белыя гарохі на чырвоным полі.

5. звычайна мн. (палі́, ‑ёў). Вузкія чыстыя палоскі па краях аркуша, кнігі, сшытка, рукапісу і пад. Потым сеў і стаў чытаць кнігу.., робячы на палях нейкія паметкі. Гурскі. На вялікіх палях з нядбайна абарванымі краямі.. [Валя] піша папраўкі мікраскапічнымі літарамі. Асіпенка.

6. толькі мн. (палі́, ‑ёў). Шырокі бераг капелюша. [Мінгрэл] быў невялікага росту, і першае, што кідалася ў вочы, — гэта яго шырокі чорны капялюш з абвіслымі палямі. Самуйлёнак.

•••

Аперацыйнае поле — участак цела, на якім робіцца аперацыя. Коўбец прыняў з рук другой памочніцы вузкі нож і, нахіліўшыся над аперацыйным полем, спакойным рухам зрабіў разрэз. М. Ткачоў.

Аднаго поля ягады гл. ягада.

Поле зроку — а) прастора, якую бачыць вока; б) перан. круг інтарэсаў, кругагляд.

Шукаць ветру (лавіць вецер) у полі гл. шукаць.

полеахо́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які ахоўвае палі ад засухі, сухавею і пад. Полеахоўныя лесанасаджэнні. Полеахоўная паласа.

полі..., (а таксама палі...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «многа», напрыклад: полівітаміны, полімарфізм.

[Ад грэч. poly.]