по́крык, ‑у, м.
1. Характэрны крык (жывёл, птушак). Покрык савы.
2. Разм. Тое, што і пакрыкванне. З каміноў на куранёўскіх стрэхах віліся ціхія ранішнія дымочкі, у расчыненых хлявах там і тут чулася цырканне малака ў даёнкі, лагодныя і строгія покрыкі жанчын. Мележ. На покрыкі Маркевіча ніхто не паварушыўся, нават не падняў галавы. Лобан.
по́крыў, ‑крыва, м.
Тое, што і покрыва. А ручаіны стараюцца: нясуць жоўтую ваду з поля.., узрываюць ледзяны пакрыў ракі. Лужанін. Затое буйна разросся сад — яблыні і грушы так сашчапіліся голлем, што стварылі суцэльны пакрыў. Навуменка. Пад покрывам зімовай ночы партызаны падкрадаюцца да варожай камендатуры. «ЛіМ».
по́крыўка, ‑і, ДМ ‑крыўцы; Р мн. ‑крывак; ж.
1. Кавалак тканіны або іншага матэрыялу, прызначаны для пакрывання чаго‑н. Іліко падышоў да стала і зняў з яго вялікі кошык. На дне, пад цыратавай покрыўкай, нешта было. Самуйлёнак.
2. Рызінавы чахол, які надзяваецца на камеру; пакрышка.
3. Тое, што і накрыўка.
по́крыўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да покрыва; які з’яўляецца покрывам, служыць для пакрывання чаго‑н. Покрыўная тканка. Покрыўны трыкатаж.
2. Спец. Сельскагаспадарчыя расліны, пад якія падсяваюць насенне шматгадовых траў. Покрыўныя культуры.
по́куль, прысл. і злучнік.
Разм. Тое, што і пакуль. А покуль тут свая ахова, — За зброю — вілы ды тапор. Астрэйка. Дымную печку палілі ўночы, аж покуль яна не чырванела ад жару. Асіпенка. Не застаўся родны дом Без гаспадара, Покуль конь і я з канём — Жыхары двара. Куляшоў.
по́куць, ‑і, ж.
Вугал, кут у хаце, дзе віселі абразы і стаяў стол, за які садзілі паважаных гасцей. Недзе было Міхалу дзецца, калі жанкі і дзяўчаты з песнямі і кветкамі хлынулі вечарам у хату і паставілі на покуць першы сноп жыта. Васілевіч. Вось і на гэты раз.. [Хлор] не заставіў сябе доўга чакаць і першым усеўся на покуці, як дома. Гартны.
пол 1, ‑у, м.
Сукупнасць уласцівасцей, якія характарызуюць мужчынскія і жаночыя арганізмы і супроцьпастаўляюцца адзін другому. Мужчынскі пол. Жаночы пол.
•••
Дужы пол (жарт.) — пра мужчын.
Прыгожы (слабы) пол (жарт.) — пра жанчын.
пол 2, ‑а, м.
Палаткі, нары. Хата нагадвала даўнейшую курніцу: чорная земляная падлога, брудны і таксама чорны на ўсю хату пол, па якім ўпокат спала ўжо немалая Прахорава сям’я. Зарэцкі.
по́ла, нескл., н.
Спартыўная камандная гульня ў мяч верхам на конях.
•••
Воднае пола — спартыўная камандная гульня ў мяч на вадзе; ватэрпола.
[Англ. polo.]
по́лаг, ‑а, м.
Заслона, занавеска, якая закрывае ложак. [Ганна] акуратна затуліла калыску полагам ад камароў, ухапіла граблі і хутчэй падалася да пракосаў. Мележ. // Любая заслона, якой завешваюць што‑н. За полагам, што цягнуўся ад печы да сцяны і падзяляў пярэдні пакой на дзве палавіны, спакойна, з лёгкім прысвістам хроп стары Яшчын. Хадкевіч. Маці закрыла твар далонямі, хістаючыся, нібы параненая, адышлася да полага, што аддзяляў залу ад спальні, уткнулася ў яго тварам. Асіпенка. // перан.; чаго або які. Тое, што закрывае, ахутвае што‑н.; покрыва. Часам, не разлічыўшы свой пругкі ўдар, .. [вецер] разрываў полаг хмар. Шамякін. Дарогу зноў атуліў лес, насунуўся на яе чорным полагам. Хадкевіч.