Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

плафо́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да плафона.

пла́ха, ‑і, ДМ пласе, ж.

1. Палавіна расколатага ўздоўж бервяна; плашка. Партызаны валілі асіннік і ельнік, калолі яго на доўгія плахі. Грахоўскі.

2. Вялікая калода, на якой даўней адсякалі галаву прыгаворанаму да пакарання смерцю, а таксама памост, на якім адбывалася пакаранне. І за мяне кладзе пры ўсім народзе На плаху Сценька Разін галаву. Грахоўскі. Земан выпадкова Глянуў на падворак і замёр ад жаху: Там ужо камусьці рыхтавалі плаху. Бажко.

пла́хта, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.

Грубая кустарнага вырабу ўзорчатая ўкраінская тканіна. // Жаночае адзенне тыпу спадніцы з двух сшытых да палавіны полак.

пла́хтавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да плахты.

плацда́рм, ‑а, м.

Прастора, мясцовасць, на якой рыхтуецца і разгортваецца ваенная аперацыя. У пачатку 1945 года Савецкая Армія адкінула немцаў на захад, захапіла важныя плацдармы нямецкіх войск у самой Германіі і выйшла на подступы да Берліна. «Беларусь». // перан. Аб краіне, тэрыторыі, якая можа быць выкарыстана ў якасці базы для нападу на іншую краіну. Лес быў плацдармам, захопленым у ворага ў першыя ж дні акупацыі, з якога ўсё шырэй і глыбей развіваліся баявыя дзеянні партызанскай вайны. Шахавец.

[Фр. place d'armes.]

плаце́ж, ‑цяжу, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. плаціць.

2. Сума, якая павінна быць выплачана.

•••

Накладны плацеж — від грашовага разліку, пры якім грошы бяруцца поштай, чыгункай і пад. з атрымальніка для перадачы іх адпраўшчыку.

плацежаздо́льнасць, ‑і, ж.

Спец. Здольнасць пакрыць свае грашовыя абавязацельствы.

плацежаздо́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Здольны пакрыць свае грашовыя абавязацельствы, які мае магчымасць плаціць.

•••

Плацежаздольны попыт гл. попыт.

плаце́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да плацяжу. Плацежнае абавязацельства. □ — Дык у вас жа няма грошай, — сказаў.. [Собіч]. — Вы нават перабралі ў нас. Можа сёння пералічылі, дык давайце ваша плацежнае даручэнне. Скрыган.

пла́цейка, ‑а, н.

Памянш. да плацце.