пла́тнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць платнага. Платнасць навучання.
пла́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які даецца за плату, падлягае аплаце. Улічваючы новыя абставіны, у праграму гімназіі былі ўключаны польская мова і літаратура. Навучанне платнае — 15 злотых у месяц. С. Александровіч. Які атрымлівае грашовую ўзнагароду, плату за сваю работу. Платны работнік. // Звязаны з атрыманнем грашовай узнагароды, платы. Платная пасада.
2. Разм. Які карыстаецца чым‑н. за плату, павінен уносіць плату. А вучні з чыгункі былі платныя, складалі, такім чынам, даход настаўніку. Колас.
плато́, нескл., н.
Невялікая раўніна, узнятая над узроўнем мора на 200 м і вышэй. Тут, далей ад ракі, на шырокім зорным плато, якое пануе над старым горадам, будуюцца цэлыя ансамблі пяціпавярховых гмахаў новых жылых раёнаў. В. Вольскі.
[Фр. plateau.]
платфо́рма, ‑ы, ж.
1. Роўная бетонная, каменная і пад. пляцоўка ўздоўж чыгуначнага палатна на станцыі; перон. Тым часам падыходзіў таварны поезд. Сухавараў і настаўнік выйшлі на платформу. Колас. Кузьма і Марына перайшлі на першую платформу і спыніліся ля кіёска. Корбан. // Узвышаная пляцоўка наогул.
2. Невялікая чыгуначная станцыя; паўстанак.
3. Таварны вагон з невысокімі бартамі без даху. Падышоў і гружаны цягнік: жалезныя платформы з гарматамі, танкамі, некалькі закрытых вагонаў, з дзесятак цыстэрнаў. Лынькоў. Дзе ў вагоне, дзе на платформе, дзе на машыне, дзе пехатою, але Вера цяпер ужо цвёрда вырашыла дабірацца да Варонежа. Кулакоўскі.
4. Вялікая вобласць зямной кары, якой ўласціва малая інтэнсіўнасць тэктанічных рухаў і магматычных праяўленняў.
5. перан. Праграма дзеянняў, сістэма поглядаў, палітычных патрабаванняў якой‑н. партыі, групы. Палітычная платформа.
[Фр. plate-forme.]
плаў, плава, м.
У выразе: на плаве — у стане плавання, на вадзе.
плаўба́за, ‑ы, ж.
Марское судна, прызначанае для прыёму і перапрацоўкі рыбы і інш. прадуктаў марскога промыслу, а таксама для забеспячэння і абслугоўвання прамысловых суднаў; дапаможнае судна, якое забяспечвае базіраванне злучэнняў караблёў; плавучая база.
пла́ўка, ‑і, ДМ плаўцы; Р мн. плавак; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. плавіць.
2. Спец. Адзін вытворчы цыкл выплаўкі металу. // Метал, выплаўлены за адзін вытворчы цыкл. І спявае сэрца сталявара, душа доменшчыка ў тую хвіліну, калі з латка печы, як першы промень сонца на ўсходзе, шугаюць іскры, пальецца цяжкая плаўка. «Беларусь». Праз нейкі час, калі Міхал афіцыйна прыняў змену і печ выдала першую плаўку, яго выклікаў да тэлефона галоўны інжынер. Карпаў.
пла́ўкасць, ‑і, ж.
Спец. Уласцівасць плаўкага, здольнасць расплаўляцца.
пла́ўкі 1, ‑ая, ‑ае.
Які мае здольнасць плавіцца. Плаўкія металы.
пла́ўкі 2, ‑аў; адз. няма.
Кароткія, шчыльныя мужчынскія трусы, якія звычайна надзяваюцца для плавання.