плаці́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да плаціны.
плаці́цца, плаціцца; незак.
Зал. да плаціць.
плаці́ць, плачу, плаціш, плаціць; незак.
1. што, за што і без дап. Аддаваць грошы або што‑н. каштоўнае як належнае за што‑н. Плаціць за пакупку. Плаціць за абед. □ Не плаціць багаты, а вінаваты. Прыказка. // Аддаваць грошы або іншыя каштоўнасці ў лік якіх‑н. абавязацельстваў. Плаціць падаткі. Плаціць даўгі. □ Кожныя дванаццаць гадоў.. [такароўцы] аднаўлялі кантракт, штогод плацілі акуратна арэнду і жылі прыпяваючы. Бядуля.
2. перан.; чым. Так або інакш адказваць на чый‑н. учынак. Як слуга, як нявольнік, табе я Так стараўся служыць, дагадзіць! Так любіў цябе шчыра, з надзеяй, Што ўзаемнасцю будзеш плаціць. Купала. І народ плаціў сваім воінам бацькоўскай любоўю. «Звязда».
•••
Плаціць той жа манетай — тое, што і адплаціць той жа манетай (гл. адплаціць).
плацка́рта, ‑ы, ДМ ‑рце, ж.
Асобы білет на нумараванае месца ў вагоне поезда.
[Ням. Platzkarte.]
плацка́ртны, ‑ая, ‑ае.
З плацкартай. Плацкартны білет. // Прызначаны для пасажыраў з плацкартай. Плацкартны вагон.
пла́цце, ‑я, н.
1. Тое, што і сукенка. Як толькі падняліся ў паветра, танклявая сцюардэса ў чорным плацці з белым каўнерыкам абвясціла, што ляцець мы будзем высока. Скрыган. Вышэй сярэдняга росту, статная, яна была ў просценькім, але з добрым густам пашытым плацці. Васілевіч.
2. зб. Разм. Бялізна. [Бацька] пайшоў у званары за паўтраця рубля на месяц, званіў і вартаваў царкву.. Маці плацце людзям мыла і гароднае насенне прадавала. Гарэцкі.
пла́ццевы, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для плацця. Плаццевыя тканіны.
плацэ́нта, ‑ы, ДМ ‑нце, ж.
Орган у цяжарнай жанчыны або самкі млекакормячых, пры дапамозе якога ажыццяўляецца сувязь плода і матчынага арганізма; дзіцячае месца, паслед.
[Лац. placenta.]
плацэнта́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да плацэнты.
2. у знач. наз. плацэнта́рныя, ‑ых. Вышэйшая група млекакормячых, у якіх плод звязан з арганізмам маці плацэнтай.
плац-пара́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Уст. Пляцоўка для ваенных вучэнняў, парадаў.