плач, ‑у, м.
Дзеянне паводле дзеясл. плакаць (у 1 знач.), а таксама гукі, якія суправаджаюць гэтае дзеянне. У канцы вёскі чуўся плач, жаночыя крыкі, ды высока пад старымі ліпамі ўзвіхрыліся клубы чорнага дыму. Лынькоў.
•••
Плач раслін — выдзяленне соку з пня, галіны, сцябла расліны пры іх пашкоджанні.
пла́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Палавіна расколатага ўздоўж бервяна. Партызаны ўвішна накладалі на сані сухія бярозавыя плашкі. М. Ткачоў. Гаспадар павесіў на сценку лямку, прымасціўся на плашцы дроў, а Лену запрасіў сесці на зэдлік. Галавач.
2. Інструмент, якім наносяць разьбу на металічныя дэталі.
плашко́ўт, ‑а, М ‑коўце, м.
Пласкадоннае бяспалубнае несамаходнае судна для перавозкі грузаў ўнутры порта, для наводкі плывучых мастоў.
[Ад гал. plaatschuit.]
плашко́ўтны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да плашкоўта. Плашкоўтны мост.
плашч, ‑а, м.
Лёгкае паліто пераважна з непрамакальнай тканіны. Скінуўшы мокры, задубянелы ад дажджу плашч, Мікола павесіў яго каля печы, прывітаўся. Краўчанка.
плашча́к, ‑а, м.
1. Тое, што і плашка. Павел Сцяпанавіч.. разам з бацькам-пільшчыкам распускаў па вёсках.. тоўстыя калоды на вяршковыя і цалёвыя дошкі, на плашчакі. Паслядовіч. Хаты ў гаспадароў былі больш-менш добрыя. Сустракаліся нават пяцісценкі з магутных сасновых плашчакоў, рубленых «у лапу». Машара.
2. Плоскі бок чаго-небудзь. Яшчэ раз шапатне [дзядзя Міша] нажніцамі і пачне вадзіць за тваёй патыліцай люстэркам, каб ты, узіраючыся ў вялізны шкляны плашчак перад сабою, бачыў, што ўсё зроблена як трэба. Паслядовіч.
плашчані́ца, ‑ы, ж.
Прадмет культу ў праваслаўнай царкве ў выглядзе кавалка тканіны, з намаляваным Хрыстом у труне. Сярод царкоўкі плашчаніца Стаіць між елачак зялёных. Колас.
плашчо́вы, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для плашча. Плашчовая тканіна.
плашч-накі́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Непрамакальны плашч без рукавоў. Накінуўшы плашч-накідку, рассоўваючы мокрае вецце, [камандуючы] падышоў да танка. Мележ. Аднекуль з кювета на вільготную ад ранішняга туману стужку заасфальтаванай шашы выскачылі тры байцы ў плямістых плашч-накідках. Навуменка.
плашч-пала́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Непрамакальная накідка, якая можа служыць і плашчом і палаткай. Тады штаб дывізіі размясціўся пад павецямі з плашч-палатак. Пры налётах авіяцыі нам давялося хавацца за дрэвамі. «Звязда». [Ніна] прыўзняла рукой край плашч-палаткі, каб ахінуць Алёшу, які стаяў на дажджы. Дуброўскі.