Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

трухля́к, ‑а, м.

Кавалак, абломак чаго‑н. трухлявага (звычайна пра дрэва). // Які‑н. трухлявы прадмет. Ноч у ноч хадзілі мужыкі на балота залатых арэшкаў шукаць. Падыдуць да яго, возьмуць у рукі, — не золата, а трухляк... Барашка.

трухля́ціна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што струхлела, разбурана трухленнем. А калі ён [Гіляр] добра топнуў нагой і скарыначку тую прабіў, дык адразу праваліўся ў гнілізну, у трухляціну. Дубоўка. Піць, увесь час хочацца піць, а балота дыхае на нас нейкай трухляцінай. Бажко. / у перан. ужыв. [Вольга Віктараўна:] — Андрэй Пятровіч, скажыце, калі ласка: дабро вы робіце народу ці зло, забіваючы розум дзяцей і іх чыстыя душы ўсякаю казённаю трухляцінаю? Колас.

трух-тру́х, выкл.

Ужываецца гукапераймальна для абазначэння бегу дробнай рыссю.

тру́цень, трутня, м.

1. Самец у пчалінай сям’і. Пчолкі мёд нясуць да сот, Труцень есць ды есць той мёд. Купала.

2. перан. Разм. Той, хто не працуе, а жыве за кошт працы другіх; лодар. Скардзіцца, што ныюць плечы У яго з юначых пор... Эх ты, труцень чалавечы! Як з табой нам жыць. Рыгор?! Ставер. Можа Іосіф і ёсць прычына таго, што Джыавані так высмейвае ўсіх манахаў, як трутняў і лежабокаў. Лынькоў.

труці́цца, тручуся, труцішся, труціцца; незак.

1. Прымаць атруту з мэтай самагубства. Цікава тут яшчэ адна акалічнасць: кожны самагубца мае нахіленне да таго ці іншага спосабу самагубства — адны страляюцца, другія вешаюцца, трэція топяцца, кідаюцца пад машыну, труцяцца, рэжуцца брытваю. Колас. // Зазнаваць шкоднае дзеянне атрутнага рэчыва і пад. — Бачыш, ён [Алесь] зноў запіў! Не з добрага жыцця! — сказаў Віктар. — Піце, хлопчыкі, труціцеся... Ваданосаў.

2. Зал. да труціць.

труці́ць, тручу, труціш, труціць; незак., каго-што.

Знішчаць атрутай. Труціць мух. □ Дзесяткі рук апыльвалі лён, труцілі шкодную блыху. Кулакоўскі. // Рабіць шкоду якімі‑н. атрутнымі рэчывамі. [Грачова:] — А курэй хто труціў? Хто з дустам кашу па гародзе рассыпаў, каб у грады не лазілі? Ракітны. / у перан. ужыв. Думы маркотныя, Думы гаротныя, Труціце быт мой сірочы. Смех стогнам крыецца, І ў сэрцы ныецца, І плачуць жаласна вочы. Купала.

тру́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад труціць.

2. у знач. прым. Такі, якога труцілі. Тручаная муха. Тручаны таракан.

тручэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. труціць.

тру́шанка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Тое, што і трасянка. [Варанецкі] не мог уявіць, чаму ніхто не паказваецца на ферму. Ён сам узяўся паіць кароў і раздаваць ім трушанку. Дуброўскі.

трушо́к, ‑шку, м.

Разм.

1. Павольны бег. Адчуўшы моцную мужчынскую руку, буланы адразу ж бярэ на лёгкі, але спорны трушок... Сачанка.

2. у знач. прысл. трушко́м. Павольнай рыссю. Сем мяхоў — уся паклажа, Іншы конь трушком бы вёз. Непачаловіч. Конік перш бег трушком, але потым быў вымушаны перайсці на галоп. Ракітны.