Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шурпа́ціцца, ‑паціцца; незак.

Тое, што і шурпацець.

шурпа́ціць, ‑пачу, ‑паціш, ‑паціць; незак., што.

Рабіць што‑н. шурпатым (у 1 знач.). Спазнаць мне хочацца І важкасць цэглы І як шурпаціць пальцы ўедлівы раствор. Арочка.

шуру́м-буру́м, ‑у, м.

Беспарадак, сумятня. Стаяў шурум-бурум у хаце.

шурф, ‑а, м.

Спец. Вертыкальная або нахіленая падземная вырабатка для разведвання залягання карысных выкапняў, вентыляцыі, узрыўных работ і пад., якая ідзе з паверхні зямлі і мае невялікую глыбіню. На трасе ўжо шуфры закладзены, — Для пробы ўзяты грунт. Астрэйка.

[Ням. Schurf.]

шурфава́нне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шурфаваць.

шурфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; незак., што і без дап.

Спец. Весці разведку горных парод пры дапамозе шурфаў.

шу́рхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Утвараць глухі, лёгкі гук; шапацець. Стружкі прыемна шурхаюць і прыемна пахнуць. Бядуля. Ціха шурхалі, вызвоньвалі сіты, сартуючы буйнае калянае збожжа. Савіцкі.

шу́рхнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да шурхаць.

шуршэ́нне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шуршэць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Пачалося шуршэнне паперы, стук лічыльнікаў, гутарка. Пестрак. Адно вядомае слова, як дотык цёплай рукі, даходзіць да мяне з гэтага незразумелага шуршэння. Брыль.

шуршэ́ць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак.

Разм. Шастаць, шамацець, шоргаць. І толькі халодны пясок шуршэў пад нагамі.. [Лабановіча і Садовіча] няўцямнаю мнагазначнай гутаркай. Колас. Размякчаны адлігаю снег хліпка шуршэў пад палазамі. Крапіва.