Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

форс, ‑у, м.

Разм. Самахвальства, франтаватасць, імкненне здзівіць навакольных (раскошай, манерамі і пад.); шык. Мікола Зязюльскі быў калісь багаты чалавек, задаваў форсу і прагульваў цэлыя сотні рублёў. Колас. Без лётчыцкай шапкі, з бялесымі драбнюткімі кудзеркамі, Сяргей нагадваў цыбатага хлапчука, які для форсу надзеў нечую форму і саромеецца гэтага. Хомчанка. // Фанабэрыя, пыха. Напускны, штучны форс яго зляцеў, як шалупінне. [Горык] нагадваў цяпер вінаватага школьніка і хацеў неяк загладзіць свой учынак. Сапрыка.

фо́рсінг, ‑у, м.

Спец. Фарсіраваны бой у боксе, безупынная атака праціўніка.

[Англ. forsing.]

форс-мажо́р, ‑у, м.

Кніжн. Абставіны, якія вымушаюць дзейнічаць пэўным чынам, насуперак плану; акалічнасць, якую немагчыма прадухіліць або ліквідаваць.

[Фр. forse majeure.]

форт, ‑а, М ‑рце; мн. фарты, ‑оў; м.

Асобнае ўмацаванне ў сістэме крапасных збудаванняў; невялікая крэпасць. Устала сонца над шырокім Бугам. У люстры хваль адбіліся жыты І воблакі, што праплываюць цугам, І крэпасці разбітыя фарты. Танк.

[Фр. fort.]

фо́ртачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Тое, што і фортка (у 1 знач.). На бацькаў стук у акно .. [доктар] адчыніў фортачку і спытаўся, адкуль і чаго? Брыль.

фо́ртачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да форткі. Фортачная зашчапка.

фо́ртка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Шкляныя дзверцы ў акне для праветрывання памяшкання. [Сідараў] пашукаў у кішэнях, дастаў некалькі зярнятак. Адчыніў фортку і высыпаў іх на падаконнік. Хомчанка. Ад акна несла холадам, тут хадзіў вецер, — нехта забыўся зачыніць фортку. Адамчык. // Акенца ў дзвярах, сцяне (для назірання і пад.). А з вокнаў адзіночак сочаць вязні і чакаюць: загрыміць ці не загрыміць фортка ў дзвярах іх камеры. Машара.

2. Невялікія дзверы ў варотах, агароджы; веснічкі. Ліпка стаяла ў адчыненай фортцы зялёнага плота і глядзела туды, за шашу. Брыль. Зайшоў [дзед] праз фортку на двор і сам адчыніў браму. Якімовіч. // перан. Выхад з якога‑н. становішча; магчымасць зрабіць што‑н. У апошніх словах Грушкі для.. [мужчын] адкрылася фортка, каб выступіць канчаткова з патрабаваннем зацвердзіць план. Пестрак.

3. Створка дзвярэй, варот, акон і пад. Клямка ціха бразнула, і дзве цяжкія форткі варот павольна расхінуліся. Крапіва. [Адам] саскроб рыдлёўкай закарэлую гразь на ганку, з-за якой не магла на ўсю шырыню адчыняцца фортка дзвярэй. Чорны.

4. Разм. Акно (у 3 знач.). Пасля першага ўрока ў Святланы Мікалаеўны была «фортка». Шахавец.

[Польск. furta, furtka — брамка, веснічкі.]

фо́ртэ,

Спец.

1. прысл. Моцна, громка, на поўную сілу гуку (пра музычнае, вакальнае выкананне); проціл. піяна.

2. нескл., н. Месца ў музычным творы, якое выконваецца такім чынам, а таксама само такое выкананне.

[Іт. forte.]

фо́ртэль, ‑ю, м.

Разм. Выхадка, выбрык. Нямала непрыемнасцей [у сына] і ў школе: То сябрука штурхне, То спозніцца ў клас, То двойка запаўзе ў дзённік іншы раз, — Не абыходзіцца без фортэляў ніколі. Корбан.

[Польск. fortel.]

фо́рум, ‑а і ‑у. м.

1. ‑а. У Старажытным Рыме — плошча, рынак, дзе збіраўся народ, адбываліся сходы, суды і пад. // ‑у. Народны сход, суд на гэтай плошчы. Гувернёр стаяў .. у позе Гракха на форуме: рука выцягнута дагары далонню, вялікі палец адстаўлен убок. Караткевіч.

2. ‑а; перан.; каго-чаго або які. Месца вялікіх сходаў, грамадскіх выступленняў, чыёй‑н. дзейнасці.

3. ‑у. Шырокі прадстаўнічы сход, з’езд. Сусветны форум моладзі. □ Па вялікіх пісьменніцкіх форумах у Маскве нацыянальныя літаратуры выступаюць як роўныя, аднолькава правамоцныя ў вырашэнні творчых праблем. Гіст. бел. сав. літ. / у перан. ужыв. Сёння птушак, Гоман бору, Далячынь зямлі вялікай На ўрачысты майскі форум Небасхіл вясны паклікаў. Матэвушаў. І там, дзе над грэчкаю белай Пчолы сабралі свой форум, Неба, як шкло, зазвінела — Лайнер шугнуў метэорам. Непачаловіч.

[Лац. forum.]