Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фо́сфар, ‑у, м.

Хімічны элемент, які адыгрывае важную ролю ў жыццядзейнасці жывёл і раслін, існуе ў трох разнавіднасцях. Белы фосфар. Чырвоны фосфар. Чорны фосфар. // Разнавіднасць гэтага элемента — воскападобнае самаўзгаральнае, вельмі ядавітае рэчыва, якое свеціцца ў цемнаце. / у перан. ужыв. Выскачыў з бярлогі сумны воўк, Ад голаду сухі, бы корч, І пырснуў фосфарам вачэй. Бядуля.

фосфарабактэры́н, ‑у, м.

Бактэрыяльнае ўгнаенне, якое ўтрымлівае споры бактэрый, здольных пераводзіць арганічныя фосфарныя злучэнні глебы ў даступныя для раслін формы.

фосфарнакі́слы, ‑ая, ‑ае.

Які мае ў сабе фосфарную кіслату; утвораны з фосфарнай кіслаты. Фосфарнакіслыя ўгнаенні. Фосфарнакіслыя солі.

фо́сфарны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фосфару, уласцівы яму. Фосфарны пах. // Які мае ў сваім саставе фосфар. Фосфарныя солі. □ Звеннявая вырашыла правесці дадатковую падкормку пасеваў фосфарнымі і калійнымі ўгнаеннямі. «Звязда». // Зроблены з выкарыстаннем фосфару; пакрыты фосфарам. Фосфарныя запалкі. □ Мы з Тарлецкім маўчым. Можа і лепш, каб фосфарныя шарыкі падкінуць у вагон. Навуменка.

2. Які свеціцца падобна фосфару мігатлівым блакітным святлом. Фосфарнае святло месяца.

фо́сфарысты, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяшчае ў сабе фосфар, злучаны з фосфарам. Фосфарыстая кіслага.

2. Тое, што і фосфарны (у 2 знач.).