Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фот, ‑а, М фоце, м.

У фізіцы — адзінка вымярэння шчыльнасці светлавога патоку або ступені асветленасці якой‑н. паверхні.

[Ад грэч. phos, phōtós — святло.]

фо́та, нескл., н.

Разм. Тое, што і фатаграфія (у 2 знач.). Паэт адчыняе шуфлядку ў стале і вымае некалькі фота ваеннага часу. С. Александровіч. Нават маленькае фота чарнавокай Надзі, такое блізкае, дарагое, таксама не ўзрадавала .. [Сяргея]. Сіўцоў.

фота...

Першая састаўная частка складаных слоў: 1) якая адпавядае па значэнню слову «фатаграфічны», напрыклад: фотагазета, фотакамера, фотаплёнка; 2) якая паказвае адносіны іх да святла, напрыклад: фотаметрыя.

[Ад грэч. phos, phōtós — святло.]

фотааб’екты́ў, ‑тыва, м.

Аб’ектыў фатаграфічнага апарата. Відаць, загадвалі яму [юнаку] спецыяльна глядзець у фотааб’ектыў, калі рабілі гэты здымак. Лынькоў.

фотаальбо́м, ‑а, м.

Альбом для фатаграфій. Збор гербарыяў і калекцый насякомых, падрыхтоўка фотаальбомаў — так вызначыла мэту паходу важатая школы Ніна Іванаўна. Краўчанка.

фотаама́тар, ‑а, м.

Той, хто займаецца фатаграфіяй як аматар. Радзівон Ксенафонтавіч быў вельмі ўзрушаны. Такім і атрымаўся ён на здымку, які нашы фотааматары зрабілі з дапамогаю бліца. Шыловіч.

фотаама́тарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фотааматара. Фотааматарскі гурток.

фотаама́тарства, ‑а, н.

Дзейнасць, занятак фотааматараў.

фотаапара́т, ‑а, М ‑раце, м.

Фатаграфічны апарат. У светлы край, за далягляд Плыло сівых аблокаў веча. І пстрыкнуў фотаапарат. І нас усіх увекавечыў. Дайнека.

фотаапарату́ра, ‑ы, ж., зб.

Прыстасаванне апараты, неабходныя для фатаграфавання; апаратура для фатаграфіі (у 1 знач.).