фо́ртка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Шкляныя дзверцы ў акне для праветрывання памяшкання. [Сідараў] пашукаў у кішэнях, дастаў некалькі зярнятак. Адчыніў фортку і высыпаў іх на падаконнік. Хомчанка. Ад акна несла холадам, тут хадзіў вецер, — нехта забыўся зачыніць фортку. Адамчык. // Акенца ў дзвярах, сцяне (для назірання і пад.). А з вокнаў адзіночак сочаць вязні і чакаюць: загрыміць ці не загрыміць фортка ў дзвярах іх камеры. Машара.
2. Невялікія дзверы ў варотах, агароджы; веснічкі. Ліпка стаяла ў адчыненай фортцы зялёнага плота і глядзела туды, за шашу. Брыль. Зайшоў [дзед] праз фортку на двор і сам адчыніў браму. Якімовіч. // перан. Выхад з якога‑н. становішча; магчымасць зрабіць што‑н. У апошніх словах Грушкі для.. [мужчын] адкрылася фортка, каб выступіць канчаткова з патрабаваннем зацвердзіць план. Пестрак.
3. Створка дзвярэй, варот, акон і пад. Клямка ціха бразнула, і дзве цяжкія форткі варот павольна расхінуліся. Крапіва. [Адам] саскроб рыдлёўкай закарэлую гразь на ганку, з-за якой не магла на ўсю шырыню адчыняцца фортка дзвярэй. Чорны.
4. Разм. Акно (у 3 знач.). Пасля першага ўрока ў Святланы Мікалаеўны была «фортка». Шахавец.
[Польск. furta, furtka — брамка, веснічкі.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)