Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

трэ́скацца, ‑аецца; незак.

Утвараць, даваць трэшчыну, расколвацца. У сухмень, калі доўга не было дажджу, зямля на .. [сцяжыне] трэскалася, а ў непагадзь размоклы ад вільгаці глей угінаўся пад нагамі, злёгку падрыгваў. Навуменка. Зіма асцярожна пакіне белую байкавую коўдру на жытнюю рунь — не вымярзай, жытцо, не трэскайся, зямля. Ермаловіч. / Пра скуру рук, губ і пад. Ад .. [сонца] гарэла галава і смылелі шчокі, трэскаліся сухія вусны і сох у роце язык. Пташнікаў. // Разрывацца, лопацца. Пупышкі ліпы трэскаліся.

трэ́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да трэснуць.

трэ́снуты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які трэснуў, з трэшчынай. [Яўсей] усміхнуўся, з трэснутай губы прасачылася кроў, падбітае вока заплыло пухлінай. Паўлаў.

2. перан. Надтрэснуты (пра голас). — Спрабуйце! — сказаў трэснутым голасам [Прыстром]. Шынклер.

трэ́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак., чым і без дап.

Разм. Моцна стукнуцца, ударыцца. Той [швед] трэснуўся ў калідоры галавой аб сценку ды неўзабаве пасля гэтага кінуў хадзіць у школу. Кулакоўскі. [Мужчына] падчапіў нагой тачку і з сілай, разлічана шпурнуў яе ў дуб, аб які яна трэснулася і развалілася на часткі. Ракітны.

трэ́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Стварыць трэск. Моцна трэснула сухая галінка і зашасталі хваёвыя лапкі .. З хвойніку выходзіў невысокі чалавек у доўгім новым шынялі. Крапіва. // Гулка раздацца (пра гукі выбухаў, выстралаў, удараў і пад.). Калона ўжо мінула царкву, калі са званіцы трэснулі стрэлы. Хомчанка. У кутку рынку, зусім побач, бахнулі пісталетныя стрэлы. Потым каротка трэснула аўтаматная чарга і абарвалася, бы захліпнулася. Савіцкі. Хмара раскалолася і так трэснуў пярун, што аж зямля закалацілася. Сабаленка. / у безас. ужыв. Паблізу моцна трэснула. Тугая хваля паветра шуганула над галовамі. М. Ткачоў.

2. З трэскам раскалоцца, разламацца, утварыць трэшчыну. Дрэва хіснулася раз, другі; за трэцім разам гучна трэснула каля кораня і ўпала. Колас. З шумам трэснула камера пярэдняга кола, матацыкл рэзка закінула, і Мікола ледзь не зваліўся ў кювет. Краўчанка. Слуп з майго боку трэснуў ад гарачыні, трэшчына была ўжо даволі глыбокая. Васілёнак. // З трэскам парвацца, разарвацца. Расшпіліла [Назарыха] гузікі на кофце, у спешцы так тузанула нацельны крыжык, што шнурок трэснуў, а зеленаваты кавалачак медзі застаўся ў руцэ. Ат, некалі з ім важдацца. Б. Стральцоў. / у перан. ужыв. Гнілыя ніткі, якія даўней маглі б крыху яшчэ трымаць Рыгораву сям’ю, трэснулі. Чорны. / Пра губы, скуру і пад. [Мірончык:] — Або вось прыходзіць чалавек, кажа: «Доктар, у мяне ўжо даўно трэснула губа і ніяк не зажывае». Карпюк. // перан. Даць трэшчыну, сапсавацца. У нашым калектыве, заўсёды здаровым, недзе нешта трэснула. Ермаловіч. І вось сёння штосьці перайначылася, штосьці трэснула ў душы. Асіпенка.

3. каго-што, каму і без дап. Разм. Моцна стукнуць, ударыць. Перш-наперш трэснуў .. [пан] кулаком фурману ў спіну, вылаяўся на ўсё балота і пусціў у ход усю машыну. Колас. Рагочучы,.. [Васіль] злавіў хлопчыка, і пакуль малы вырываўся, старэйшы салтысёнак, Павел, падбег і трэснуў яму кіем па галаве. Брыль.

•••

Трэснуць ад злосці (зайздрасці) — тое, што і лопнуць ад злое ці (зайздрасці) (гл. лопнуць).

Хоць трэсні — пра дарэмныя намаганні, старанні. А ў крэсле тым — Я зімнім днём і веснім, А песні туга пішуцца, Хоць трэсні, — Ці я Пегаса Слаба закілзаў?! Скурко.

трэст, ‑а, М ‑сце, м.

1. У капіталістычных краінах — адна з форм манапалістычнага аб’яднання некалькіх прадпрыемстваў з цэнтралізаваным кіраваннем і са стратай вытворчай, камерцыйнай і юрыдычнай самастойнасці аб’яднаных прадпрыемстваў.

2. У СССР і сацыялістычных краінах — аб’яднанне некалькіх прадпрыемстваў з цэнтралізаваным кіраваннем, звязаных між сабой аднароднасцю прадукцыі або рознымі стадыямі перапрацоўкі сыравіны, а таксама апарат такога аб’яднання.

3. У СССР у будаўніцтве — асноўная арганізацыйна-вытворчая адзінка. Будаўніча-мантажны трэст.

[Англ. trust.]

трэстава́нне, ‑я, н.

Аб’яднанне ў трэст, у трэсты. Трэставанне хімічных заводаў.

трэстава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад трэставаць.

2. у знач. прым. Аб’яднаны ў трэст. Трэставаная прамысловасць.

трэстава́цца, ‑туецца; зак. і незак.

1. Аб’яднацца (аб’ядноўвацца) у трэст, у трэсты.

2. толькі незак. Зал. да трэставаць.

трэстава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., што.

Аб’яднаць (аб’ядноўваць) у трэст, у трэсты. Трэставаць прадпрыемствы.