Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тор 1, ‑а, м.

1. Дарога, след, пакінуты калёсамі. Брук на дарозе ляжаў няроўны, калдобісты, месцамі яго зусім неставала, і тор ад калёс зварочваў з абочыны на сярэдзіну шашы. Пташнікаў.

2. перан. Кірунак дзейнасці; шлях. На другі дзень, 1 студзеня 1919 года, хадзіў я з Юзяю абедаць на Варонюю, і жыццё ішло там сваім звычайным торам. Гарэцкі. [Сын] за чужым не цягне возам, А хоча свой пракласці тор. Колас.

тор 2, ‑а, м.

Спец. Геаметрычнае цела, якое ўтвараецца вярчэннем круга каля восі, што ляжыць у яго плоскасці, але не перасякае яго.

[Лац. torus — выпукласць.]

тор 3, ‑а, м.

Адзінка ціску, якая ўжываецца пры вакуумных вымярэннях.

то́ра, ‑ы, ж.

У яўрэяў — першая частка бібліі, Пяцікніжжа Майсеева, а таксама пергаментны скрутак з гэтым тэкстам, які захоўваецца ў сінагозе.

[Стараж.-яўр.]

то́рба, ‑ы, ж.

Невялікі мяшок (звычайна даматканай тканіны). Вось маці з хаткі выбягае, Алесю торбу даручае, А ў торбе хлеб і, пэўна, сала, І весялей шмат хлопцам стала. Колас. // Мяшок з аўсом, што адзяваецца на галаву каню. // Мяшок старца як сімвал жабрацтва. Лапці, торба, хлеб з мякінай, Цемра курнай хаты, — Невясёлыя ўспаміны Аб жыцці праклятым. Крапіва.

[Цюрк. torba.]

•••

Давесці да торбы гл. давесці.

Дайсці да торбы гл. дайсці.

З торбай ісці гл. ісці.

Пусціць з торбаю (па свеце) гл. пусціць.

то́рбачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш. да торба; невялікая торба. [Міколка] ўзяў сваю старую школьную торбачку, якую пашыла яму маці. Лынькоў.

то́рбачнік 1, ‑а, м.

Разм. Бедны чалавек, які просіць міласціну. — Дзінь-дзілінь! Дзілінь-дзінь — гэта б’е ў малыя званы торбачнік Саўка. Лупсякоў.

то́рбачнік 2, ‑у, м.

Травяністая жоўта-зялёная з непрыемным пахам расліна сямейства крыжакветных, якая расце на палях, лугах, пустках.

то́рбачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да торбы.

торг 1, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. таргаваць (у 1 знач.).

2. Дзеянне паводле знач. дзеясл. таргавацца. // Здзелка. Цяпер уся тая іхняя размова нагадвала Анатолю ганебны торг, у час якога Ліля дамагалася выставіць сябе і прынізіць яго. Асіпенка.

3. Уст. Базар, рынак; месца гандлю. Людзі не помняць такога торгу, такога кірмашу, які быў у той .. дзень. Пестрак. Паспееш з казамі на торг. Прыказка.

4. звычайна мн. (таргі́, ‑оў). Уст. Публічны продаж якой‑н. маёмасці, рэчаў, якія дастаюцца таму, хто прапаноўвае больш высокую цану; аўкцыён. Публічныя таргі. □ Сенажаці прадаваліся з таргоў. Нікановіч. // Спаборны парадак здачы падрадаў і паставак таму, хто прапаноўвае ўмовы, найбольш прыдатныя казне. Таргі на пастаўку лесу.

торг 2, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. торгаць і торгацца.

то́рганне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. торгаць.

то́ргацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Рабіць сутаргавыя рухі; пацепвацца, перасмыквацца. [Міша:] — А я люблю рыбачыць. Так пільна глядзіш, глядзіш, як торгаецца паплавок. Зловіш маленькую рыбку, а радасці!.. Пальчэўскі. У Загурскага ўвесь час нервова торгалася шчака, але гаварыў ён спакойна, нават з нейкай асуджанасцю ў голасе. Асіпенка. Сомік, чакаючы, наглядаў .. за тварам [Пошты], на якім пад светлымі вусамі торгаліся губы. Крапіва.

то́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Цягнуць, тузаць рэзкімі рухамі, рыўкамі. Сцяпан Птах торгае Івана за рукаў: — Я сам пайду. Хутчэй будзе. Навуменка. Аж пачырванеў тут ад злосці сівы і ад злосці той бараду сваю торгаў. Лынькоў. Запыленыя пальцы [Арцёма] торгалі сівы вус. Самуйлёнак.

2. каго і без дап. Дрыжаць, торгацца. У Макара непрывычна торгае павека. Асіпенка. / у безас. ужыв. Яго ўсяго торгае. // чым. Рабіць рэзкі рух якой‑н. часткай цела. [Сяргей:] — Што — жыць! Салдат мог спыніцца ў любым кутку роднай зямлі, адваяваўшы яе... — Тады не скажу, не ведаю, — торгае плячыма Дробаў. Ракітны.

3. што і без дап. Балець праз аднолькавыя прамежкі часу, звычайна, калі ўтвараецца нарыў; тузаць. Палец торгае. / у безас. ужыв. І ў выніку «прынятых мер» Зароў пад раніцу гаротнік наш, як звер... Руку разнесла, торгае руку. Валасевіч.

4. што. Рэзкім рухам кранаць, зрушваць з месца. Паравоз .. торгаў вагоны, іржаў жарабцом, выў, рагатаў. Бядуля.

5. Тое, што і торкаць (у 3 знач.). Драбок торгае лейцамі каня, выязджае на дарогу. Навуменка.

6. Тое, што і торкаць (у 2 знач.). Саўка пачуў, што рыбка пачынае торгаць. Колас.

7. Абл. Крычаць (пра птушак). Аднастайна,.. назойліва торгае драч. Брыль.