алегрэ́та,
1. прысл. У тэмпе менш хуткім, чым алегра.
2. нескл., н. Музычны твор або яго частка ў такім тэмпе. Алегрэта з 7‑ай сімфоніі Бетховена.
[Іт. allegretto.]
аледзяне́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Тое, што і абледзянелы.
2. Халодны, як лёд; змерзлы, адубелы, скарчанелы. Ні ў кога не хапала адвагі ўвайсці ў аледзянелую ваду. Галавач.
аледзяне́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле дзеясл. аледзянець (у 1 знач.).
аледзяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Тое, што і абледзянець.
2. Зрабіцца халодным, як лёд; змерзнуць, адубець, скарчанець.
алеепадо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які нагадвае алей, мае яго ўласцівасці.
алеі́н, ‑у, м.
Тэхнічная алеінавая кіслата.
[Ад лац. oleum — алей.]
алеі́навы, ‑ая, ‑ае.
У выразе: алеінавая кіслата гл. кіслата.
але́істасць, ‑і, ж.
Уласцівасць алеістага; ступень наяўнасці, утрымання алею ў чым‑н. Алеістасць сланечнікавага семя.
але́істы, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўтрымлівае ў сабе алей, мае прымесь алею. // Які мае некаторыя якасці алею; падобны на алей. Алеістая вадкасць.
2. Блішчасты, глянцавы, як бы пакрыты алеем. Алеісты ліст.
але́й, алею, м.
1. Тлушч з расліннага насення: канаплянага, макавага, ільнянога, гарчычнага, сланечнікавага і пад. Канапляны алей. Какосавы алей. □ Пасля наварыстай капусты і гарачых дранікаў з алеем Юрка вабраўся на палаткі. Курто. [Барановічаў кум:] — Калі ў каго які з гарнец канапель ці семя ёсць, дык ён выцісне якую бутэльку алею і ў Тадулічах. Чорны.
2. Аліўкавы тлушч, які выкарыстоўваецца ў царкоўным абыходку; ялей. Самы просты, звычайны пачатак: нарадзіўся адзін чалавек. Першым поп за яго ўзяў падатак, мазануў алеем па галаве. Дубоўка. // перан. Прытворная ласкавасць, празмерная ліслівасць. Сочыцца мірны алей з языкоў У лорда Сесіля і Поля Банкура І ў тых, што за імі ў цяньку стаяць. Крапіва. Ухмылка крывіць яго пыскі, З іх чуць не капае алей. Марына кланяецца нізка, І Богут зорыць весялей. Колас.