Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

паці́р, ‑а, м.

Літургічны сасуд у выглядзе чашы на высокай ножцы для асвячэння віна і прыняцця прычасця.

[Грэч. potér — чаша.]

паціра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Час ад часу церціся. Сівы конь у аглоблях паволі хрупаў канюшыну з пярэдняга палукашка і час ад часу, каб адагнацца ад заедзі, паціраўся вялізнай галавой аб спіну гаспадыні. Брыль.

паціра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Час ад часу, злёгку церці. Паціраць рукі. □ Сузану засталося адно: маўчаць. Ён сядзеў ссутулены і паціраў лоб. Лынькоў. Чалавек дыхаў на поўныя грудзі, час ад часу паціраў азяблыя плечы. Шыцік.

паціска́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. паціска́ць — паціснуць (у 1 знач.).

паці́сканы, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паці́скаць.

паці́скацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Ціскацца некаторы час.

паці́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Ціскаць некаторы час. [Іваноў] адшчыкнуў кавалак хлеба, паціскаў у пальцах і кінуў у рот. Новікаў. Сяргей Сяргеевіч памаўчаў, паціскаў у пальцах цыгарэту, прыкурыў. Ляўданскі.

паціска́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да націснуць (у 1, 4 знач.).

паці́снены, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і паціснуты.

паці́снуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паціснуць.

паці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Пасунуцца, даючы месца каму‑н.; пацясніцца. Хлопцы паціснуліся, далі месца. Я прысеў, але піць не стаў, хоць мяне і прымушалі. Асіпенка. Практыканты паціснуліся, і Шыковіч сеў за шырмай. Шамякін. // Пасунуцца, наблізіцца да каго‑н. або адзін да аднаго. Дзяўчынкі пераглянуліся і паціснуліся боязна адна да аднае. Дуброўскі. // Пажыць у цеснаце, пацясніцца.

2. Пайсці куды‑н., да чаго‑н., ціснучыся, пераадольваючы перашкоды. З чамаданам у руках паціснуўся .. [Лабановіч] на станцыю ў густым патоку людскога тлуму. Колас. Леапольд Гушка пазнаў голас Паўла Няміры і ўбачыў, як ён паціснуўся праз натоўп да эстрады. Чорны.

3. Разм. Пабыць некаторы час у цеснаце. [Дзямід Сыч:] — Мы тут вырашылі клуба ў новым годзе не ставіць.. Паціснемся яшчэ год-два ў хаце-чытальні. Паслядовіч.