Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пацуко́ў, ‑ова.

Які мае адносіны да пацука, належыць пацуку. Пацукова гняздо.

пацурча́ць і пацурчэ́ць, ‑чыць; зак.

1. Пачаць цурчаць, цурчэць. Хвілін праз колькі проста над дахам загрымеў гром і на галовы гледачоў пацурчала дажджавая вада. Чыгрынаў.

2. Цурчаць, цурчэць некаторы час.

пацучаня́ і пацучанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Дзіцяня пацука.

пацучы́ны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і пацукоў.

пацые́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Хворы ў адносінах да ўрача, у якога ён лечыцца. — Дзве гадзіны нічога не ешце, — сказала .. [Галіна Адамаўна] пацыенту, які паласкаў рот содавым растворам. Шамякін.

[Ад лац. patiens, patientis — які пакутуе.]

пацые́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да пацыент.

пацырава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

1. Зацыраваць усё, многае. [Марына Паўлаўна:] — Прыбяжыш, як непрытомная, і за мыццё бялізны або падлогі возьмешся. А то пазашываць, пацыраваць, выпрасаваць трэба. Васілевіч.

2. і без дап. Цыраваць некаторы час.

пацы́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Абл. Падаіць. [Нявестка], відаць, спярша сваю [карову] пацыркала, а потым ужо спяшалася сюды. Гроднеў.

пацыфі́зм, ‑у, м.

Антываенны рух, звязаны з буржуазна-ліберальнай ідэалогіяй, прыхільнікі якога адмаўляюць усякія войны, як захопніцкія, так і вызваленчыя, рэвалюцыйныя.

[Ад лац. pacificus — міратворчы.]

пацыфіка́цыя, ‑і, ж.

Кніжн. Падаўленне карнымі мерамі паўстання, народнага хвалявання.

[Ад лац. pacificatio — уціхаміранне.]