паці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Пасунуцца, даючы месца каму‑н.; пацясніцца. Хлопцы паціснуліся, далі месца. Я прысеў, але піць не стаў, хоць мяне і прымушалі. Асіпенка. Практыканты паціснуліся, і Шыковіч сеў за шырмай. Шамякін. // Пасунуцца, наблізіцца да каго‑н. або адзін да аднаго. Дзяўчынкі пераглянуліся і паціснуліся боязна адна да аднае. Дуброўскі. // Пажыць у цеснаце, пацясніцца.

2. Пайсці куды‑н., да чаго‑н., ціснучыся, пераадольваючы перашкоды. З чамаданам у руках паціснуўся .. [Лабановіч] на станцыю ў густым патоку людскога тлуму. Колас. Леапольд Гушка пазнаў голас Паўла Няміры і ўбачыў, як ён паціснуўся праз натоўп да эстрады. Чорны.

3. Разм. Пабыць некаторы час у цеснаце. [Дзямід Сыч:] — Мы тут вырашылі клуба ў новым годзе не ставіць.. Паціснемся яшчэ год-два ў хаце-чытальні. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)