Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пахмурне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак. і незак.

1. зак. Стаць хмурным, хмурнейшым. Адразу ж стала зразумела мне, З якой прычыны Ты раптоўна гэтак Задумаўся і нават пахмурнеў, Спакойна запаўняючы анкету. Аўрамчык. Стромкі лес белагаловы Пахмурнеў увесь, суровы Прыглушыў яго мароз. А. Александровіч.

2. незак. Станавіцца пахмурным, хмурнець. Рамізнік усё больш пахмурнеў, маўчаў, і, быццам падладкоўваючыся пад яго настрой, вуліца рабілася ўсё больш глухой, цёмнай і бязлюднай. Лупсякоў. А ў горы [Аляксей] пахмурнеў, рабіўся скрытным, маўклівым. Мележ.

пахму́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Непагодлівы, змрочны, хмарны. Пахмурнае надвор’е. □ Халаднаваты, пахмурны ранак. Неба шэрае, паветра вільготнае. В. Вольскі. Ноч была цёмная, пахмурная. Асіпенка.

2. перан. Змрочны, невясёлы. Усюды заўважалі мы пахмурны настрой у людзей. Лынькоў. Дзён праз колькі новенькая [настаўніца] стала пахмурная. Янкоўскі.

пахму́ры, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і пахмурны. Пахмурым вераснёўскім надвячоркам сорак першага года я апошні раз бачыў свайго бацьку. Мехаў. Твар .. [Ваўчка] быў пахмуры, з рэзкімі маршчакамі і абвіслымі кончыкамі вусоў, голас сярдзіты. Хадкевіч.

пахмяле́ць, ‑ее; ‑еем, ‑ееце, ‑еюць; зак.

Захмялець — пра ўсіх, многіх. П’ём [медавуху] ды аддзьмухваем пчол памаленьку. Ці яны пахмялелі, ці карцы памялелі?.. Барадулін.

пахмялі́цца, ‑хмялюся, ‑хмелішся, ‑хмеліцца; зак.

Выпіць спіртнога на другі дзень пасля моцнай выпіўкі з мэтай пазбавіцца ад недамагання, слабасці. Ён, відаць, толькі што пахмяліўся: ад яго нясла сівушным перагарам. Новікаў.

пахмяля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.

Незак. да пахмяліцца.

па́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. чым і без дап. Вылучаць, распаўсюджваць які‑н. пах. Асабліва здорава, зусім па-хатняму, пахла ў зямлянцы цыбуля. Брыль. Рукі пахнуць зярнятамі, Што высяваў, Ці снапамі, нажатымі У часе жніва. Арочка. Пасля летняга цёплага дажджу каралінская вуліца пахне кветкамі і духмянай мятай. Сабаленка. / у безас. ужыв. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. У паветры пахла сенам, грыбамі. С. Александровіч.

2. перан.; чым. Разм. Мець прыкметы або рысы чаго‑н. [Багуцкі:] — Я даўно заўважыў яго злачынную работу, якая пахла нічым іншым, як звычайнай дыверсіяй. Лынькоў. / у безас. ужыв. Раптам .. [Міхал Тварыцкі] убачыў грошы. Гэта быў ужо не трохсотрублёвы пачак. Тут пахла ўжо не сотнямі, а тысячамі. Чорны.

3. перан.; чым. Разм. Сведчыць пра набліжэнне чаго‑н., магчымасць чаго‑н. — Вы ведаеце, што гэта пахне выключэннем, мой юны сябра? — сказаў Гедымін. Караткевіч. — Вось што, сынок, — Еўдакім узяў Юрку за плячо. — Бяжы да старшыні, скажы, што госці завіталі. А я сачыць за імі буду. Тут нечым нядобрым пахне... Курто. / у безас. ужыв. З дахаў звісаюць доўгія ледзя[ш]ы капяжу. Пахне вясной. Асіпенка.

•••

Грошы не пахнуць гл. грошы.

Зямлёю пахнуць — быць блізкім да смерці (пра вельмі хворага, пра зусім старога чалавека).

І не пахне чым‑н. — няма і не прадугледжваецца з’яўлення, наступлення чаго‑н.

Порахам пахне — пагражае вайна.

пахны́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Хныкаць некаторы час. Ліпка пахныкала трохі, а потым згадзілася. Брыль.

пахо́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Перамяшчэнне якога‑н. арганізаванага атрада людзей з пэўнымі мэтамі, заданнем. Турысцкі паход. □ Пасля трох дзён марскога паходу ўсім хацелася хутчэй ступіць на бераг. Хомчанка. Сотню коннікаў, сотню пяхоты, абоз і фурманкі з параненымі — усё гэта, як суцэльную баявую адзінку, трэба было зберагчы ад разгрому. Гэта быў цяжкі, марудны паход. Брыль. Адабраўшы дваццаць пяць самых дужых партызан, Рыгор загадаў рыхтавацца да выступлення ў паход. Барашка. // Разм. Арганізаванае наведванне чаго‑н. або выхад куды‑н. Гэты наш першы паход у кіно з’явіўся пачаткам многіх паходаў. Ракітны. — Вось добрая прапанова, — падтрымлівае .. [Краўчанка] маладога рабочага, — арганізаваць паход на руднік. Мікуліч.

2. Ваенныя дзеянні, аперацыі супраць каго‑, чаго‑н.; ваенная кампанія. Пасля правалу двух паходаў Антапты, разгрому Калчака і Дзянікіна міжнародны імперыялізм зрабіў новую спробу задушыць маладую Савецкую дзяржаву. «Звязда». [Юстын] апавядаў мне пра паход Напалеона. Бядуля. // перан. Арганізаваныя дзеянні, накіраваныя на барацьбу з кім‑, чым‑н. Паход за эканомію і беражлівасць.

3. Разм. Невялікі лішак (у вазе, суме і пад.). Я вывернуў мех і падаў Зусю. Ён насыпаў мукі і, зважыўшы яе на шалях, сказаў мне: — Глядзі, які пуд, яшчэ з паходам. Сабаленка.

•••

Крыжовы паход (гіст.) — захопніцкі паход феадалаў Заходняй Еўропы ў 11–13 стст., які праводзіўся па пачыну каталіцкай царквы ў краіны Блізкага Усходу, у Прыбалтыку супраць славянскіх народаў ва Усходняй Еўропе пад лозунгам барацьбы з «нявернымі», ерэтыкамі і пад.

пахо́джанне, ‑я, н.

1. Прыналежнасць па нараджэнню (да якой‑н. нацыі, народнасці, класа і пад.). Беларус па паходжанню. □ Ён па прафесіі — рабочы, А па паходжанню — латыш. Колас. [Генерал] ганарыўся сваім паходжаннем, сваімі ваеннымі ведамі. Шамякін.

2. Узнікненне, утварэнне чаго‑н. Паходжання жыцця на зямлі. Паходжанне мовы. □ На выгане, ля самай Каменні, узвышаюцца зялёныя курганы. Ніхто не ведае іх паходжання. Жычка.