пахі́стваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што або чым.
Час ад часу, злёгку хістаць. Вецер пахістваў дрэвы. Пахістваць галавой.
пахіта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Абл. Паківаць. Кастусь адмоўна пахітаў галавою. — Не. Я разумею вас, пан Вежа. І я вам удзячны. Але тут справа больш складаная. Караткевіч.
пахітрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.
Хітраваць некаторы час. — Трэба ведаць, на што згаджацца, — Надзяй вырашыў, што ў яго становішчы не грэх пахітраваць. Шыцік.
пахітры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.
Хітрыць некаторы час. Выслухаўшы, каваль зашаптаў яму ў самае вуха: — Які ты нездагадлівы! Ты пахітры розумам. Чорны.
пахіхі́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Хіхікаць некаторы час.
пахіхі́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Час ад часу хіхікаць.
па́хкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае моцны пах; пахучы. Мяне чакае цёплы сырадой у меднай конаўцы, луста пахкага, спечанага на дубовых лістах хлеба. Сачанка. Калі ўжо ехалі дрогкім бальшаком у фурманцы, набітай пахкім сенам, Паўлік засмяяўся: — А я цябе і павіншаваць забыўся. Б. Стральцоў.
пахлі́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Хліпаць некаторы час. Дзяніска хвілінку пахліпаў і заснуў. Шамякін.
пахлі́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Час ад часу, злёгку хліпаць.
пахло́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго або чым і без дап.
Разм. Хлопаць некаторы час; хлопнуць некалькі разоў. І Гулак па-прыяцельску пахлопаў Мікіту па плячы. Колас. Надпіс каменданту, відаць, спадабаўся, бо ён у другі раз пахлопаў маладога камерсанта па плячы, пачаставаўшы пры гэтым [цы]гарэтай. Навуменка.