Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пахо́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Тое, што і пахаджаць. Ля самай вады спаважна паходжвалі фіялетавыя гракі. Савіцкі.

пахо́дзіць, ‑ходжу, ‑ходзіш, ‑ходзіць; незак., з каго-чаго, ад каго-чаго.

1. Належаць па нараджэнню да якога‑н. класа, нацыі, народнасці і пад.; весці ад каго‑н. сваё паходжанне. Лабановіч паходзіць з беднай сялянскай сям’і. Пшыркоў. Драздовіч сам паходзім са шляхты, але не выхваляўся гэтым. Машара.

2. Узнікаць, утварацца ад чаго‑н. Як вядома, назвы многіх гарадоў паходзяць ад назваў рэчак, на якіх яны стаялі. Штыхаў. Атрымалася аповесць з дзіўнай назвай [«Апошні зверыядавец»], што паходзіць ад мянушкі, якую мелі былыя выхаванцы кадэцкага корпуса. Кучар.

3. на каго-што. Быць падобным да каго‑, чаго‑н. [Васіль] ва ўсім стараўся паходзіць на дарослага, пераймаў павольныя рухі бацькі Мірона, яго манеру гаварыць, трымацца з людзьмі. Лынькоў. [Аня] паходзіла больш на нязграбнага хударлявага падлетка, чым на дарослую дзяўчыну. Васілевіч.

пахо́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Манера хадзіць; хада. Ішоў чалавек паволі, стомленай паходкай. Чорны. Стаў я іншым, суровым, Стаў новым ад ног да пілоткі, Чалавекам вайсковым, — Былой не пазнаеш паходкі. Куляшоў.

пахо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да паходу, уласцівы яму; такі, які бывае ў паходзе. Была нават свая паэзія і хараство ва ўсёй гэтай бязладнай абстаноўцы ваеннага паходнага жыцця. Колас. Ішла нястройнымі паходнымі калонамі пяхота. Мележ. Байцы Чырвонай Арміі Ідуць паходным маршам. Купала. // Прызначаны для паходу. Паходная палатка. □ Шафёр сеў на пяньчук і стаў моўчкі завязваць свой паходны мяшок. Кулакоўскі. Малым прысніўся дзіўны сон, Што нехта, ў шынялі паходным, Прыйшоў, як бацька, сеў на ўслон І стаў пытаць пра ўсё лагодна. Танк.

2. Які бывае, знаходзіцца пры войску, экспедыцыі і пад.; перасоўны. Паходны шпіталь. Паходная радыёстанцыя. □ На дзядзінцы дымілася паходная кухня, а каля яе стаялі салдаты з медзянымі кацялкамі. Грахоўскі.

пахо́дня, ‑і, ж.

Уст. Пераносная свяцільня ў выглядзе ліхтара на доўгай палцы або наматанага на канец палкі прасмоленага пакулля; факел. На двары, у падмёрзлым снезе, пераступалі капытамі коні. Рыпелі палазы. Асветленыя ліхтарамі і паходнямі, сноўдалі сюды-туды людзі. Караткевіч. Людзі распалілі вогнішчы, бегалі вакол іх з паходнямі, шумелі, крычалі, стралялі ў паветра, пускалі ў вячэрняе неба ракеты, каб напалохаць іх [зуброў] і разагнаць, але ўсё было дарэмна. В. Вольскі.

пахрабры́цца, ‑руся, ‑рошся, ‑рыцца; зак.

Храбрыцца некаторы час. Пахрабрыцца для выгляду.

пахрабрэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Зрабіцца храбрым, храбрэйшым.

пахрабуста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм.

1. З’есці з хрустам усё, многае. Пахрабустаць усе яблыкі.

2. і без дап. Храбустаць некаторы час.

пахрабусце́ць, ‑бушчу, ‑бусціш, ‑бусціць; зак.

Разм. Храбусцець некаторы час.

пахра́пванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пахрапваць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Чутно было пахрапванне, некаторыя ў сне ўскрыквалі, сёй-той нешта незразумелае мармытаў. Гурскі.