пахнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.
1. чым і без дап. Вылучаць, распаўсюджваць які‑н. пах. Асабліва здорава, зусім па-хатняму, пахла ў зямлянцы цыбуля. Брыль. Рукі пахнуць зярнятамі, Што высяваў, Ці снапамі, нажатымі У часе жніва. Арочка. Пасля летняга цёплага дажджу каралінская вуліца пахне кветкамі і духмянай мятай. Сабаленка. / у безас. ужыв. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. У паветры пахла сенам, грыбамі. С. Александровіч.
2. перан.; чым. Разм. Мець прыкметы або рысы чаго‑н. [Багуцкі:] — Я даўно заўважыў яго злачынную работу, якая пахла нічым іншым, як звычайнай дыверсіяй. Лынькоў. / у безас. ужыв. Раптам .. [Міхал Тварыцкі] убачыў грошы. Гэта быў ужо не трохсотрублёвы пачак. Тут пахла ўжо не сотнямі, а тысячамі. Чорны.
3. перан.; чым. Разм. Сведчыць пра набліжэнне чаго‑н., магчымасць чаго‑н. — Вы ведаеце, што гэта пахне выключэннем, мой юны сябра? — сказаў Гедымін. Караткевіч. — Вось што, сынок, — Еўдакім узяў Юрку за плячо. — Бяжы да старшыні, скажы, што госці завіталі. А я сачыць за імі буду. Тут нечым нядобрым пахне... Курто. / у безас. ужыв. З дахаў звісаюць доўгія ледзя[ш]ы капяжу. Пахне вясной. Асіпенка.
•••
Грошы не пахнуць гл. грошы.
Зямлёю пахнуць — быць блізкім да смерці (пра вельмі хворага, пра зусім старога чалавека).
І не пахне чым‑н. — няма і не прадугледжваецца з’яўлення, наступлення чаго‑н.
Порахам пахне — пагражае вайна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)