паўвярэ́джвацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Разм. Уверадзіцца — пра ўсіх, многіх. [Юзік:] — Я люблю нядзелю. Хаця рабіць нічога не трэба. [Юрка:] — І я таксама. [Жанчына:] — Ах, як вы перадалі лішне з работаю. Паўвярэджваліся небаракі. Чорны.
паўгадавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да палавіны года, да паўгоддзя. Паўгадавая справаздача. // Які працягваецца паўгода. Паўгадавая служба. // Разлічаны на паўгода. Паўгадавая праграма. Паўгадавы план.
паўгадзі́нны, ‑ая, ‑ае.
Які працягваецца паўгадзіны. Паўгадзінны перапынак.
паўгадзі́ны, ж.
Прамежак часу ў трыццаць мінут; палова гадзіны. Так мінула хвілін дзесяць, а можа, і паўгадзіны, пакуль ён не пачуў за спіною ўзрушаны голас радыста: — Таварыш Рабінка.. Хутчэй! Паслядовіч. З паўгадзіны не мог заснуць Сцёпка, думаючы аб вучонасці Алёнкі. Колас.
паўгало́сны, ‑ая, ‑ае.
Галосны, які ўтварае з другім галосным адзін склад (пра гукі). Паўгалоснае «у» (ў).
паўгіна́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Увагнуцца — пра ўсё, многае або пра ўсіх, многіх.
паўгіна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Увагнуць усё, многае.
паўгляда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Углядацца некаторы час. — Можа і я цябе дзесь бачыў, — і Саўка таксама паўглядаўся ў Цімохаў твар, падкрэсліўшы слова «дзесь». Колас. Галя падышла да Марынчынага ложка, паўглядалася Марыне ў твар, у нібы трошкі падсіненыя павекі на асмужаным ветрам і сонцам абліччы і ўспомніла сваю маладосць. Сабаленка.
паўго́да, м.
Прамежак часу ў шэсць месяцаў; палавіна года. Канцэрт зацягнуўся — праграма была вялікая. Недарма Майбарада рыхтаваў яе амаль паўгода. Шамякін.