Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

паўбо́кс, ‑у, м.

Мужчынская стрыжка, пры якой валасы з бакоў галавы і ззаду падстрыгаюцца машынкай.

паўбо́цікі, ‑аў; адз. паўбоцік, ‑а, м.

Боты з кароткай халявай. Апрануты .. [Кастусь] быў у сурдуцік, у бэжавыя нанкавыя панталоны і запыленыя паўбоцікі. Караткевіч.

паўбутэ́лек, ‑льна, м.

Тое, што і паўбутэлька.

паўбутэ́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Разм. Руская мера вадкасцей, роўная 0,3 л, якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы.

паўбутэ́лькі, ж.

Палавіна бутэлькі. Паўбутэлькі вады.

паўбяды́, ж., у знач. вык.

Разм. Не вельмі вялікая бяда, не так дрэнна, не так страшна. [Васіль Іванавіч:] — Бачу я, што бяда ваша не такая яшчэ вялікая. Такая бяда, можна сказаць, паўбяды. Лынькоў. [Каршукоў:] — Думаў адно, а выйшла не так, як хацелася. Ну, ды гэта яшчэ паўбяды. Асіпенка.

паўвае́нны, ‑ая, ‑ае.

Часткова, амаль ваенны. [Сёмка] любіў апранацца акуратна, дбайна і заўсёды, як некалі ягоны бацька, адказны партыйны работнік, насіў паўваенную форму. Кавалёў.

паўвало́ка, ‑і, ДМ ‑лоцы, ж.

Уст. Былая мера зямлі, роўная палавіне валокі. — Я буду працаваць на той паўвалоцы зямлі, якую і буду прасіць вас пакінуць за мною... Чарот. Як бліжэйшыя сваякі, яны арандавалі Гарасімаву паўвалоку па чвэрці кожны. Чарнышэвіч.

паўва́львацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Уваліцца — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае.

паўве́ка, м.

Палавіна века, пяцьдзесят гадоў. Ленінскай дарогаю паўвека Мы ідзём да мэты да свае. Бялевіч.