парахня́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Спарахнелы, трухлявы.
парахо́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Судна, якое прыводзіцца ў рух паравым рухавіком, паравой турбінай. Папыхваючы дымком, да прыстані набліжаўся параход. Лынькоў.
парахо́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да парахода. Параходная прагулка. □ Дзед Астап старанна завіхаўся ля параходнай гарматы. Лынькоў.
парахо́дства, ‑а, н.
1. Прадпрыемства, якое кіруе параходным транспартам і ажыццяўляе перавозкі пасажыраў і грузаў. Пятро Рабянок — лепшы механік Гомельскага рачнога параходства. «Маладосць».
2. Разм. Рух параходаў па водных шляхах; перавозка пасажыраў, грузаў на параходах. На паўночных рэках параходства пачынаецца ў пачатку лета.
параху́нак, ‑нку, м.
Разм. Асабістыя прэтэнзіі, узаемная незадаволенасць; помста, расправа. — Мяркуем нават, што гэта правакацыя ідзе ад славутай глыбоцкай дэфензівы, у якой ёсць асабістыя парахункі з гэтымі хлопцамі. Машара.
парачкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак.
Разм. Рачкаваць некаторы час. — Ну, а восенню калі на бульбе і парачкавалі [бабы], дык за зіму выгуляюцца. Васілевіч.
пара́ша, ‑ы, ж.
Разм. Пасудзіна для спаражненняў і памыяў у турэмнай камеры. Усе камеры былі замкнуты на замок, бо ўжо адбылася паверка, і парашы займалі пачэснае месца каля дзвярэй. Колас.
параша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Рашыць усё, многае, перарашаць.
2. і без дап. Рашаць некаторы час.
парашкападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Падобны на парашок, у выглядзе парашку. Парашкападобная салетра.
парашко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да парашку; зроблены з парашку. Парашковае малако.