Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

па́рка ​1, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. парыць (у 1, 2, 4, 5, 6 і 7 знач.).

па́рка ​2, ‑і, ДМ ‑рцы, ж. (з вялікай або малой літары).

Адна з трох рымскіх багінь лёсу, якія пачыналі прасці, калі чалавек нараджаўся, пралі і пераразалі яго «ніць жыцця».

[Лац. Parca.]

па́ркавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да парку, парка. Паркавая алея. Паркавыя дрэвы. □ [Янка:] — У начальніках ходзіш?.. — Брыгадзір паркавай гаспадаркі. У зеленгасе. Савіцкі.

паркаледрукава́нне, ‑я, н.

Нанясенне на баваўняную тканіну каляровага малюнка, узора пры дапамозе спецыяльных машын.

паркаледрука́р, ‑а, м.

Рабочы, майстар паркаледрукавання.

паркаледрука́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паркаледрукавання, паркаледрукара. Паркаледрукарская машына.

паркаленабіўны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да набіўкі малюнка на баваўняную тканіну.

паркалефарбава́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фарбавання паркалю.

паркалёвы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паркалю. Паркалёвая тканіна. Паркалёвая нітка. // Зроблены, пашыты з паркалю. Паркалёвая кашуля. Паркалёвыя фіранкі. □ Мяшок гэты быў зроблены з усялякіх кавалкаў — і суконных, і паркалёвых, і чорных, і белых. Чорны.

парка́ль, ‑ю, м.

Лёгкая баваўняная аднаколерная або з набіўным малюнкам тканіна. У скрутку быў паркаль — метраў з чатыры — у чорную крапінку. Лупсякоў. Глеб Іванавіч узышоў на драўляную трыбуну, прыкрытую чырвоным паркалем, узняў зялёны вучнёўскі сшытак, і тлум угаманіўся. Дуброўскі.

[Фр. percale.]

парка́н, ‑а, м.

Агароджа з бярвёнаў, штыкецін або мураваная. Усе будынкі новыя, са стрыжнёвай сасны, крытыя гонтай, агароджаныя не плотам, а парканам з такіх [бярвёнаў], з якіх у Малінаўцы будавалі хаты. Чарнышэвіч. Са снегу мясцінамі выглядаюць канцы жэрдак ды яшчэ няроўныя крывыя колікі парканаў. Галавач. Кругом бальніцы высокі мураваны паркан. Баранавых.