парашо́к, ‑шку і ‑шка; мн. парашкі, ‑оў, м.
1. ‑шку. Расцёртае на дробныя частачкі цвёрдае рэчыва. Мыльны парашок. Зубны парашок.
2. ‑шка. Лекавае рэчыва пэўнай дазіроўкі ў раздробленым выглядзе. Марцін тым часам даў старому парашок і сказаў: — Паляжаць трэба, дзядзька Юстынь. Чарнышэвіч.
•••
Персідскі парашок (уст.) — парашок для знішчэння блох і клапоў.
Сцерці ў (на) парашок гл. сцерці.
парашу́т, ‑а, М ‑шуце, м.
Прыстасаванне ў выглядзе вялікага парасона, прызначанае для спуску людзей, грузаў з лятальных апаратаў, для тармажэння пры пасадцы самалётаў і пад. Над галавой, на цёмным блакіце неба, прыкметна чарнеў купал парашута. Новікаў. Тоня напружыла ўсе сілы і скіравала парашут на вузенькую прагаліну паміж дрэвамі. Шчарбатаў.
[Фр. parachute.]
парашутава́нне, ‑я, н.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. парашутаваць.
парашутава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак.
Спец. Спускаючыся, паляцець (ляцець) з крайне малой хуткасцю (пра самалёт, аэрастат).
парашу́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да парашута. Парашутны шоўк. // Прызначаны для скачкоў з парашутам. Парашутная вышка.
2. У склад якога ўваходзяць парашутысты. За паўгадзіны да захаду сонца, у поўным бязлюддзі ўсюды навокал, па той бок лесу,.. сеў парашутны дэсант. Чорны.
парашуты́зм, ‑у, м.
Скачкі з парашутам з самалёта, аэрастата як від спорту. Такое працяглае знаходжанне ў паветры з разгорнутым парашутам адзначаецца ў гісторыі парашутызму ўпершыню. «Беларусь».
парашуты́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Той, хто займаецца парашутызмам. Школа парашутыстаў. // Той, хто скача з парашутам. Бацька падышоў да камандзіра і сказаў яму, што каля аўтастрады заселі фашысцкія парашутысты і абстрэльваюць машыны. Рамановіч.
парашуты́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да парашутыст.
парашы́ць, ‑рашу, ‑рашыш, ‑рашыць; зак., што, на чым і з інф.
Разм.
1. Прыняць якое‑н. рашэнне, рашыць, вырашыць. Гадзіны праз дзве маці парашыла паглядзець, што робіць яе сын, бо ніякіх гукаў з пакоя не чулася. Арабей. [Домна:] — От, сынок, што мы тут парашылі. Трэба табе падалей адсюль схавацца. Асіпенка. Усё астатняе Стасіка ўжо не цікавіла. Ён не чуў, пра што гаварылі хлопцы далей, на чым яны парашылі. Няхай.
2. Падумаўшы, разважыўшы, прыйсці да якога‑н. вываду, заключэння. — Значыцца, чалавек прыходзіў не на гэты востраў, а на наш, — парашылі хлопцы. Маўр. Але па тым, як страляніна гусцела і набліжалася, .. Пракоп цвёрда парашыў, што немцы адыходзяць. Якімовіч.
парашэ́ціць, ‑шэчу, ‑шэціш, ‑шэціць; зак., што.
Падзіравіць што‑н. у многіх месцах, зрабіць падобным да рэшата.