аклю́зія 1, ‑і, ж.
Спец. Паглынанне газаў расплаўленымі або цвёрдымі металамі.
[Ад лац. occlusio — заключэнне.]
аклю́зія 2, ‑і, ж.
Спец. Суадносіны зубоў верхняй і ніжняй сківіц у самкнутым стане; прыкус.
[Ад лац. occlusio — заключэнне.]
акмеі́зм, ‑у, м.
Мадэрнісцкая плынь у рускай літаратуры, якая ўзнікла ў 1912–1913 гг. і адстойвала прынцыпы «чыстага мастацтва», індывідуалізм.
[Ад грэч. akme — вяршыня.]
акмеі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да акмеіст.
акмеі́сцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да акмеізму.
акно́, ‑а; мн. вокны, акон, вокнам; н.
1. Праём у сцяне будыніны для святла і паветра. Дом на пяць акон. // Зашклёная рама. Уставіць акно. Разбіць акно. // Падаконнік. Палажыць на акно. Сядзець на акне. // Растуліна ў якім‑н. апараце, машыне. Скідальнае акно ў жняярцы. // перан. Выхад, доступ да чаго‑н. Рэвалюцыя адкрыла нашым людзям акно ў шырокі свет. «Полымя».
2. Рэшткі вадаёма ў балоце, дрыгве; апарына. Дзе-нідзе свінцовымі вокнамі зманліва блішчалі праёмы вады. Ракітны.
3. Разм. Вольны прамежак часу ў раскладзе заняткаў педагога.
•••
Венецыянскае акно — вялікае акно, якое складаецца з трох частак (звычайнага акна і двух паўакон па баках).
Глухое акно — акно, зробленае для формы, а не для карыстання.
Італьянскае акно — акно з трох ці чатырох створак.
Чортава акно — глыбокая ўпадзіна з вадою сярод балота.
ако́вы, акоў; адз. няма.
1. Тое, што і кайданы.
2. перан. Тое, што скоўвае, абмяжоўвае каго‑, што‑н., перашкаджае каму‑, чаму‑н. Каланіяльныя аковы. Рэлігійныя аковы. □ Помніш ты, як у дзень вераснёвы Векавыя апалі аковы. Танк.
ако́ліца, ‑ы, ж.
1. Тое, што і ваколіца (у 2 знач.). А стаў Андрэйка першым старшынёй Найпершага ў аколіцы калгаса. З. Астапенка. Аколіцу абляцела вестка, што заўтра ля каменя будзе вялікі фэст. Пестрак. Чуў ты гоман мінскіх аколіц заводскіх? Таўбін.
2. Уст. Плот з варотамі ў канцы вёскі. Доўга стаіць, прыслухоўваецца [Яўтух] да шорахаў у садку, да рокату трактара ў полі, да вясёлых песень дзяўчат за аколіцай. Бялевіч. Гэй, пайду ж я па вуліцы У тое поле за аколіцу. Багдановіч. За аколіцай ходзяць дзяўчаты, і гукаюць красуню-вясну. Кляшторны.
ако́лічны, ‑ая, ‑ае.
Навакольны, сумежны, суседні. [Пан:] — Заўтра ж дай ведаць мужыкам аколічных вёсак, хай прыходзяць да мяне. Чарот. Як жонка члена сельскага Савета.. [Сідарыха] ведае ўсе аколічныя навіны і не вытрымае, каб не вылажыць іх усе да адной перад Арынай. Чарнышэвіч.