Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ако́пнік, ‑а, м.

Разм. Той, хто знаходзіцца ў акопах; салдат, франтавік. Гранатны бой-агонь Акопнікі ўзнялі. Пушча. Але пачуў я нешта новае ад салдат-акопнікаў. Якімовіч.

ако́пны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да акопа. Акопныя работы.

•••

Акопная вайна гл. вайна.

ако́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад акарыць.

2. у знач. прым. Ачышчаны ад кары. І вочы яго і нос, непамерна доўгі і чырвоны, пабіты на дзірачкі, як акораная чачоткавая бяроза, і ўся постаць дзеда Піліпа ператвараецца ў знак запытання. Колас. Сярод акораных васкова-жоўтых елак былі раскіданы буданы. Карпаў.

ако́рачны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які прызначаны, служыць для акорвання. Акорачны станок.

ако́рванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. акорваць — акарыць.

ако́рвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да акорваць.

ако́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да акарыць.

ако́рд, ‑а, М ‑дзе, м.

Гарманічнае спалучэнне некалькіх музычных гукаў. [Зынга] ціхенька бярэ на гармоні некалькі нясмелых акордаў. Чорны. Калі б тая радасць і тое шчасце.. маглі б спяваць і звінець сваімі акордамі, то наша вуха чула б найцікавейшую на свеце музыку. Колас. // Гул; гукі. Акорд машын. Акорды лета.

•••

Акорд струн — набор струн для смычковага або шчыпковага інструмента.

Заключны (апошні, развітальны) акорд — дзеянне, з’ява, падзея і пад., якімі што‑н. завяршаецца, заканчваецца.

[Іт. accordo.]

ако́рдавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да акорда. Акордавая музыка.

ако́рдны, ‑ая, ‑ае.

Які выконваецца, робіцца паводле дагавору; здзельны. Акордная заработная плата. Акордная работа.