Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

паперагаро́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Перагарадзіць усё, многае.

паперагніва́ць, ‑ае; зак.

Перагнісці — пра ўсё, многае.

папераго́ртваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

Перагарнуць, перагартаць усё, многае. Паперагортваць многа кніг.

папераграба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Перагрэбці ўсё, многае.

паперагрыза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Перагрызці ўсё, многае. Паперагрызаць ніткі.

папе́рад,

Разм.

1. прысл. Уперад. Выехаць наперад. □ Узваліў [Мітрафан] бочку на плечы і панёс. [Эрна] пайшла паперад — паказаць, дзе паставіць. Ракітны.

2. прысл. Спачатку, раней. Паперад умыйся, а потым садзіся есці. □ Паперад пасівее, пакуль Іван яе возьме. Ермаловіч.

3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паперад» выражае часавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет або асобу, раней за якія кім‑, чым‑н. было ўтворана якое‑н. дзеянне. Мікіта не даў сябе ўпрошваць — адно перакуліў у рот паперад усіх сваю шклянку і, кусаючы на хаду.. хлеб, спехам падаўся да парога. Чыгрынаў.

папераджа́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць папераджальнага (у 2 знач.). [Масквічы] павінны ўсіх вучыць, усім быць прыкладам. Таму.. [Вольгу] зусім не здзівіла выключная ветлівасць і папераджальнасць, з якой спаткалі яе, звычайную сялянку, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў. Васілевіч.

папераджа́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які папярэджвае каго‑, што‑н. аб чым‑н., служыць для перасцярогі ад чаго‑н. У шэрай перадранішняй цішыні бухнула некалькі папераджальных стрэлаў. Навуменка. На скрыжаваннях [вуліц] павешаны папераджальныя знакі для шафёраў. Беразняк. Карп Маеўскі кінуў на пляменніцу папераджальны позірк. Шамякін.

2. Які папярэджвае жаданні, намеры каго‑н., паслужлівы. Папераджальныя адносіны.

папераджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм. Тое, што і папярэджваць. — Гавары толькі праўду, — папераджае Мар’янку Свірыд. Колас. Стукаецца вецер у маленькую разбітую шыбу маленькага акенца Лейбы, папераджае аб хуткім надыходзе зімы. Сташэўскі.

папе́радзе,

1. прысл. На некаторай адлегласці перад кім‑, чым‑н. Ірына ішла паперадзе. Чорны. Тарыел, ідучы паперадзе, на кожным кроку чуў, як спатыкаюцца людзі. Самуйлёнак.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паперадзе» вырашае прасторавыя адносіны: паказвае на становішча перад кім‑, чым‑н. Ідзе войска, сцягі ўюцца, Кроў бурліцца ў жылах, А паперадзе ўсіх едзе Сам Клім Варашылаў. Купала. За паўвярсты паперадзе фурманкі ішоў па лесе Максім Ус з наганам і гранатай. Грахоўскі.