Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пазы́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што і чаго.

1. Даць каму‑н. што‑н. у доўг. [Язэп:] — Калі вам так патрэбны грошы, дык я вам пазычу. Бядуля.

2. Узяць у каго‑н. што‑н. у доўг, на час. Маці кінулася да суседзяў, каб пазычыць у каго сена. Якімовіч. Тым часам бацька бегаў па хатах, каб дзе пазычыць калёсы на жалезным хаду. Сабаленка.

•••

У сабакі вачэй пазычыць (пазычыўшы) — згубіць сумленне, пачуццё сораму, уласнай годнасці.

пазя́блены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пазябліць (у 1 знач.).

пазя́бліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Узараць пад зябліва ўсё, многае. Я прыкідваў у думках: калі ўдасца купіць каня, то яшчэ і жыта засеем і пазяблім на зіму. Якімовіч.

2. і без дап. Зябліць некаторы час.

пазя́блы, ‑ая, ‑ае.

Які азяб. Яны [хвоі] помняць, як людзі ўставалі з зарою І над полымем грэлі пазяблыя рукі... Свірка.

пазя́бнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Памерзнуць нейкі час. Пазябнуць дзень на вуліцы.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Азябнуць — пра ўсіх, многіх. Птушкі пазяблі.

паз’яда́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паз’ядаць.

паз’яда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. З’есці за некалькі прыёмаў усё, многае.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пашкодзіць ядавітым рэчывам што‑н. у многіх месцах, усюды. Паз’ядала кіслага скуру на руках.

3. Сцерці, затупіць усё, многае. Паз’ядаць зубы.

паз’язджа́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

З’ехацца ў адно месца — пра ўсіх, многіх. Потым гутарка скіравалася на тую справу, дзеля якой паз’язджаліся настаўнікі з розных канцоў краіны. Колас.

паз’язджа́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

1. З’ехаць, спусціцца адкуль‑н. — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Лыжнікі паз’язджалі з гары. Санкі паз’язджалі з узгорка.

2. Едучы, павярнуць куды‑н. — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Коннікі паз’язджалі на лясную дарогу. Машыны паз’язджалі ўбок.

3. Выехаць адкуль‑н. — пра ўсіх, многіх. Моладзь паз’язджала з вёскі ў горад.

4. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Ссунуцца, збіцца — пра ўсё, многае. Выгляд.. [жанчын] быў далёка не кірмашовы: з галоў паз’язджалі хусткі, валасы раскалмаціліся... Ваданосаў.

пазяле́нены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пазеляніць.