Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пайгра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Іграць некаторы час. Пайграць на баяне.

па́йка ​1, ‑і, ДМ пайцы, ж.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. паяць.

па́йка ​2, ‑і, ДМ пайцы; Р мн. паек; ж.

Разм. Частка, доля ежы, выдзеленая каму‑н. у адпаведнасці з устаноўленай нормай. Хлебная пайка лёгка ўмяшчалася на далоні. Навуменка. Хлопчык і голаду занадта не адчуваў — кожны вязень дзяліўся з ім сваёй папкай. Хомчанка.

пайко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пайка. Не абышліся пайковым пачастункам, сёе-тое купілі і на рынку. Пальчэўскі.

пайме́нна, прысл.

Кожнага па імені (назваць, успомніць і пад.). Згадаю я ўсіх вас пайменна, Для кожнага слова знайду, З кім лавы бурылі адменна, Крышылі ўзрыўчаткай руду. Звонак.

пайме́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае ў сабе пералік імён. Пайменная пераклічка.

пайсці́, пайду, пойдзеш, пойдзе; пр. пайшоў, ‑шла, ‑шло; заг. пайдзі; зак.

1. Зак. да ісці (у 2, 3, 7, 16, 24 і 25 знач.).

2. Пачаць ісці (у 1, 4, 5, 8, 15, 26 і 27 знач.). [Астап] пайшоў уперадзе групы людзей. Лынькоў. Праз некаторы час Волька прыслала бацьку грошы, але іх ніхто з пошты не забіраў і яны пайшлі назад. Чорны. Па вадзе адзін за другім пайшлі роўныя кругі. Даніленка. На змярканні пайшоў дождж, дробны, але густы. Шамякін. [Сяргей:] — Цяпер тэхніка далёка пайшла наперад. Гурскі. — Ух, які пах пайшоў! — здымаючы лыжкай пену з варыва, усклікнуў Толік. Хадкевіч. Густы лес пачаў радзець, на змену вялікім дрэвам пайшоў малады дубняк. Васілеўская.

3. Пачаць расці, вырастаць. Вёска хадзіла цяпер па ягады, а на грыбы яна накінецца пазней, калі баравікі пойдуць. М. Стральцоў. // Пачаць нараджацца, з’яўляцца адзін за другім (пра дзяцей). // Вырасці падобным на каго‑н. Браты пайшлі па дзеду — рослыя, медзведзяватыя, а .. [Бондар] па бацьку, які здаля заўсёды нагадваў хлапчука-падлетка. Навуменка.

4. з інф. незак. Разм. Пачаць рабіць што‑н. Каб .. [Наўмыснік] пра ўсё гэта дазнаўся, у галаве яго, напэўна, пайшлі б спець рашучыя планы. Чорны.

•••

Далёка пайсці — дабіцца вялікіх поспехаў у рабоце, на службе.

І пайшла пісаць губерня гл. губерня.

Калі на тое пайшло — калі так атрымалася.

Мурашкі пайшлі па спіне (скуры, целе) гл. мурашка.

Пайсці (з) дымам (агнём, ветрам) — марна прапасці.

Пайсці па дрэннай дарозе — стаць на няправільны шлях жыцця.

Пайсці па руках — а) быць у карыстанні то ў аднаго, то ў другога (звычайна пра пазычаныя рэчы); б) пачаць інтымна збліжацца то з адным, то з другім мужчынам (пра жанчыну).

Пайсці прахам — пагінуць, знішчыцца.

Пайсці (падацца) у белы свет — пакінуць дом у пошуках іншага спосабу жыцця.

Пайсці ў прымы — тое, што і прыстаць у прымы (гл. прыстаць).

па́йшчык, ‑а, м.

Той, хто мае свой пай у якой‑н. справе. Пайшчык кааператыўнага таварыства.

па́йшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да пайшчык.

пак ​1, ‑а, м.

Стос або вязка пэўных прадметаў. Пак газет. □ Справавод пазіраў на.. [Смачнага], схіляў галаву ў знак згоды, усміхаўся. Потым паклаў перад Смачным пак паперы і выйшаў. Галавач. Тут [у заезным двары] уночы людзі спяць на бруднай падлозе, на скрынях і паках з таварамі. Бядуля.

[Ням. Pack.]

пак ​2, ‑у, м.

Спец. Шматгадовы лёд у палярных водах.

[Англ. pack.]

пакава́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пакоўкі ​1; прызначаны для пакоўкі ​1. Пакавальны цэх. Пакавальная тканіна.