пайсці, пайду, пойдзеш, пойдзе; пр. пайшоў, ‑шла, ‑шло; заг. пайдзі; зак.
1. Зак. да ісці (у 2, 3, 7, 16, 24 і 25 знач.).
2. Пачаць ісці (у 1, 4, 5, 8, 15, 26 і 27 знач.). [Астап] пайшоў уперадзе групы людзей. Лынькоў. Праз некаторы час Волька прыслала бацьку грошы, але іх ніхто з пошты не забіраў і яны пайшлі назад. Чорны. Па вадзе адзін за другім пайшлі роўныя кругі. Даніленка. На змярканні пайшоў дождж, дробны, але густы. Шамякін. [Сяргей:] — Цяпер тэхніка далёка пайшла наперад. Гурскі. — Ух, які пах пайшоў! — здымаючы лыжкай пену з варыва, усклікнуў Толік. Хадкевіч. Густы лес пачаў радзець, на змену вялікім дрэвам пайшоў малады дубняк. Васілеўская.
3. Пачаць расці, вырастаць. Вёска хадзіла цяпер па ягады, а на грыбы яна накінецца пазней, калі баравікі пойдуць. М. Стральцоў. // Пачаць нараджацца, з’яўляцца адзін за другім (пра дзяцей). // Вырасці падобным на каго‑н. Браты пайшлі па дзеду — рослыя, медзведзяватыя, а .. [Бондар] па бацьку, які здаля заўсёды нагадваў хлапчука-падлетка. Навуменка.
4. з інф. незак. Разм. Пачаць рабіць што‑н. Каб .. [Наўмыснік] пра ўсё гэта дазнаўся, у галаве яго, напэўна, пайшлі б спець рашучыя планы. Чорны.
•••
Далёка пайсці — дабіцца вялікіх поспехаў у рабоце, на службе.
І пайшла пісаць губерня гл. губерня.
Калі на тое пайшло — калі так атрымалася.
Мурашкі пайшлі па спіне (скуры, целе) гл. мурашка.
Пайсці (з) дымам (агнём, ветрам) — марна прапасці.
Пайсці па дрэннай дарозе — стаць на няправільны шлях жыцця.
Пайсці па руках — а) быць у карыстанні то ў аднаго, то ў другога (звычайна пра пазычаныя рэчы); б) пачаць інтымна збліжацца то з адным, то з другім мужчынам (пра жанчыну).
Пайсці прахам — пагінуць, знішчыцца.
Пайсці (падацца) у белы свет — пакінуць дом у пошуках іншага спосабу жыцця.
Пайсці ў прымы — тое, што і прыстаць у прымы (гл. прыстаць).