пазяме́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ўладання і карыстання зямлёй. Пазямельная ўласнасць. Пазямельная рэнта. □ У рэвалюцыі .. змяшчаліся патрабаванне дабівацца зямлі без выкупу для мясцовага сялянства, .. забраць ад памешчыкаў і капіталістаў 700 млн. злотых пазямельнага падатку. Палуян.
пазяха́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пазяхання. Пазяхальная сутарга.
пазяха́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пазяхаць, а таксама гук, які чуецца пры гэтым. І толькі была памкнулася [дзяўчына] выйсці з пакоя, як за спіною пачулася салодкае пазяханне. Стаховіч.
пазяха́цца, ‑аецца; безас. незак.
Разм. Пра позыў на пазяханне. Часта пазяхалася і соладка хацелася, каб вецер абвеяў гарачую голую шыю і плечы. Чорны.
пазяха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Міжвольна глыбока ўдыхаць і адразу ж выдыхаць паветра шырока адкрытым ротам (пры жаданні спаць, пры стоме). Стоячы на сонцы, ад спёкі шырока пазяхалі дзеці, чхалі ад .. пылу. Галавач. Хацелася спаць, і.. [Язэп] пазяхаў раз за разам. Якімовіч.
пазяхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да пазяхаць.
паі́грываць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Час ад часу іграць на чым‑н. Паігрываць на баяне.
паі́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Ікаць некаторы час.
паі́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Спецыяльна абсталяванае прыстасаванне для паення жывёлы. Мы ўбачылі макет кароўніка з аўтаматычнымі паілкамі. «Беларусь».
паі́льнік, ‑а, м.
Спец. Кубачак з доўгім носікам і паўзакрытым верхам, з якога пояць слабых хворых.