Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пазна́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пазначыць.

пазнача́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да пазначаць.

пазнача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пазначыць (у 1 знач.).

пазна́чыцца, ‑чыцца; зак.

1. Прыкметна змяніцца. [Марынчук:] — Нешта не разбяруся, — еў я той хлеб ці не еў? Нічога не пазначылася. С. Александровіч.

2. Зрабіцца бачным; зрабіцца прыкметным. Маршчыны пазначыліся. □ Наўкол палыхалі пажары, а ў лесе скрозь усю ноч было цёмна, і толькі пад ранне патроху пазначылася пад нагамі дарога. Чыгрынаў.

пазна́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. Паставіць на чым‑н. знак, лічбу або надпіс; пранумараваць. Па вёсцы паўзуць пушчаныя ворагам чуткі, быццам калгаснікаў будуць таўраваць, .. каб пазначыць. Лужанін. Калі б пазначыць на геаграфічнай карце ўсе мясціны, куды кідаў лёс Я. Купалу ў дарэвалюцыйны час, то яна была б усеяна кружочкамі. Шкраба. Найбольш важкія эстэтычныя думкі паэта кожны можа выпісаць ці пазначыць у кнізе. «Полымя».

2. Вызначыць, акрэсліць. Янка Брыль не назначыў жанру свайго новага твора «Птушкі і гнёзды». Юрэвіч. Я .. на бой падымаўся, каб краю здабыць перамогу, душой загараўся, каб другу пазначыць дарогу. Кірэенка.

пазне́й, прысл.

1. Выш. ст. да прысл. позна (у 1, 3 знач.).

2. Праз нейкі час. Пазней, па заданню рэдакцыі, мне давялося самому зайсці ў домік пад соснамі, дзе за акном невялікага кабінета красавалася паміж пладовых дрэўцаў звычайнае наша, вясковае жыта. Брыль.

пазне́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. позні.

пазніка́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Знікнуць, перастаць існаваць — пра ўсё, многае. Ягады пазнікалі. □ Пазнікалі ночы суму, Зноў жаданні расцвілі. Броўка. // Згубіцца — пра ўсё, многае. Недзе пазнікалі патрэбныя рэчы.

2. Стаць нябачным — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Байцы пазнікалі ў цемры. □ З паўдня ў лесе пачало цямнець. І жалуды раптам пазнікалі: ці то ўжо ўсе пазбіраны, ці пахаваліся ў змроку пад лісцем... Якімовіч. // Пакінуць якое‑н. месца — пра ўсіх, многіх. Хлопцаў у Заграддзі амаль не засталося. Хто адразу пайшоў з арміяй, а каторыя не паспелі — пазнікалі з дому. Паўлаў.

3. Доўга не з’яўляцца куды‑н. — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Цяпер, калі.. [Ніна] ўжо сабралася галасаваць, усе машыны нібы пазнікалі. Арабей.

пазніма́ны і паздыма́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пазнімаць, паздымаць.

пазніма́ць і паздыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Зняць адкуль‑н. усё, многае або ўсіх, многіх. Пазнімаць каструлі з агню. Пазнімаць дзверы з завесаў. □ [Мацвей:] — А як Цімоша кілбасы ў Несцера пазнімаў, ты помніш? Лобан. Людзі .. патушылі печы і нават паздымалі бялізну, што вісела на вяроўках, нацягнутых між дрэвамі. Сіняўскі. // Прыбраць усё, многае. Пазнімаць рыштаванні. // Здзець з сябе ўсё, многае. Хлопцы зразумелі ўчынак свайго настаўніка і таксама саскочылі з павозкі ды пазнімалі шапкі. Якімовіч. [Рыбаловы] паздымалі кашулі і пазавязвалі рукавы. Броўка. // Адазваць адкуль‑н. усіх, многіх. Пазнімаць вучняў з заняткаў. Пазнімаць дывізіі з фронту.

2. Адмяніць усё, многае. Пазнімаць судзімасці. // Адмовіцца ад усяго, многага. Паздымаць прапановы. Пазнімаць кандыдатуры.

3. Садраць, зняць з якой‑н. паверхні ўсё, многае. Пазнімаць кару з дрэў. □ На твары, там, дзе паздымалі бінты, расла рыжая шчаціна. Скрыган.

4. Пазбавіць усіх, многіх магчымасці дзейнічаць. Пазнімаць баксёраў са спаборніцтваў.

5. Вызваліць, звольніць усіх, многіх. Пазнімаць брыгадзіраў з работы.

6. Скапіраваць усё, многае. Пазнімаць копіі з дакументаў.

7. Узяць у наймы ўсё, многае.