Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пазні́цца, пазнюся, познішся, позніцца; незак.

1. З’яўляцца пазней вызначанага часу. Пазніцца на заняткі. □ [Ядзя:] — Заўтра новы дом пачынаем будаваць. Вось ранічкай і прыходзь сюды. Ды глядзі не пазніся. Асіпенка. Была ўжо глыбокая восень, але снег па нейкіх прычынах пазніўся. Ігнаценка.

2. Выконваць што‑н. пазней, чым трэба, чым прызначана. Пазніцца з выкананнем плана. Пазніцца з сяўбой. □ Васіль меў намер прайсці яшчэ раз папярэдзіць брыгадзіраў, каб яны не пазніліся з выездам брыгад на працу. Шамякін.

3. Затрымлівацца дзе‑н. — Толькі ты не пазніся там вельмі. Сам ведаеш — ваенны час, ноччу і з горада могуць не прапусціць, — папярэдзіў .. [Роўду] Бондар. Машара. — Збегай, — згадзіўся Міканор, — толькі не пазніся, завідна прыходзь. Кулакоўскі.

пазнішча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Знішчыць усіх, многіх або ўсё, многае. Пазнішчаць ваўкоў. Пазнішчаць лясы. □ Іграе дудка, іграе, а прыйдзе час — усіх паноў пазнішчае. Якімовіч.

пазно́гаць, ‑гця, м.

Тое, што і ногаць. Алёшка кусаў пазногці на пальцах і спадылба кідаў на ўсіх .. гнеўныя, быстрыя позіркі. Карпаў. У нейкі крытычны момант у [Раісы] пасінелі пазногці і пульс упаў да мінімуму. Шамякін.

пазно́гцевы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і ногцевы.

пазно́сіць, ‑зношу, ‑зносіш, ‑зносіць; зак., каго-што.

1. Знесці — пра ўсё, многае. Пазносіць каменне з поля. □ На гародзе была пакапана бульба, а на голым месцы, з якога пазносілі бульбоўнік на плот, ляжаў вялікі гарбуз. Чыгрынаў. // Знесці ў адно месца ўсіх, многіх або ўсё, многае. Прыйшла машына. У яе пазносілі раненых, і Івін паехаў у шпіталь. Алешка. Пчаляр пазносіў на зіму У сховішча ўсе вуллі. Корбан.

2. Спусціць уніз усё, многае. Пазносіць сена з вышак.

3. Сарваўшы, разбурыўшы, знесці з месца ўсё, многае. Пазносіць масты. □ [Язэп:] — Усё паламалі і пазносілі, каб іх хвароба паламала. Колас.

4. Пайшоўшы, узяць з сабой усё, многае. Пазносіць чужыя рэчы.

пазно́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Знасіць, доўгай носкай давесці да нягоднасці ўсё, многае. Пазношваць абутак.

пазо́ўка, ‑і, ДМ ‑зоўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пазаваць.

пазраза́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пазразаць.

пазраза́цца, ‑аецца; зак.

1. Зрэзацца, прытупіцца — пра ўсё, многае. Нажы пазразаліся.

2. перан. Разм. Не вытрымаць экзамена — пра ўсіх, многіх.

пазраза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Зрэзаць усё, многае. Пазразаць кветкі з клумбы. // Зняць няроўнасці ўсюды, у многіх месцах. [Донька:] — Чатырох гектараў хмызняку як і не было! Купіны таксама пазразалі. Паслядовіч. // перан. Разм. Скараціць памеры ўсяго, многага. Пазразаць ліміты.

2. перан. Разм. Праваліць на экзамене ўсіх, многіх.