Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пазлуча́ць ​1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Злучыць, змацаваць усё, многае. Пазлучаць правады.

2. Устанавіць сувязь паміж усім, многім. Пазлучаць берагі мастамі.

3. Сабраць разам усё, многае.

пазлуча́ць ​2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Злучыць для палавога акта ўсіх, многіх (пра жывёлу).

пазлы́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Злыгаць, звязаць усё, многае. Пазлыгваць бісер. Пазлыгваць валоў. Пазлыгваць пакункі.

пазлята́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Зляцецца разам — пра ўсіх, многіх. [Вераб’і] пазляталіся на стары клён, што стаяў на беразе Дзвіны. Савіцкі. // перан. Сабрацца. З усяго свету пазляталіся людзі будаваць новы горад. Гаўрылкін.

пазлята́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

1. Зляцець адкуль‑н. — пра ўсіх, многіх. Назаўтра раніцай пазляталі куры з седала і, як заўсёды, кінуліся да Пеці. Пальчэўскі.

2. Паляцець, вылецець куды‑н. — пра ўсіх, многіх. Нават вароны і тыя некуды пазляталі. Якімовіч.

3. Разм. Зваліцца — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Валіліся на зямлю не толькі забітыя, пазляталі са спуджаных коней і жывыя. Грахоўскі. Пазляталі шапкі з коннікаў, сёй-той бразнуўся вобзем. Лынькоў.

пазмага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., з кім-чым, за каго-што і без дап.

Прыняць удзел у барацьбе; змагацца некаторы час. Хоча хлопчык з магутным Дняпром пазмагацца. Зарыцкі. За трактар давялося пазмагацца. Шамякін. Давялося як след папрацаваць, пазмагацца, перажыць не толькі ўдачы, але і розныя непрыемнасці. Лынькоў.

пазмаўка́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

Змоўкнуць — пра ўсіх, многіх. Прыкмеціўшы старшыню, брыгадзіры пазмаўкалі і рушылі далей. Савіцкі.

пазмацо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Змацаваць усё, многае. Пакуль у дарогу — трэба яшчэ пазмацоўваць [воз]. Чорны.

пазме́нны, ‑ая, ‑ае.

Які адбываецца па зменах (у 2 знач.). Пазменная праца. Пазменнае дзяжурства.

пазмрачне́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў, зрабіўся змрочным. Пазмрачнелае неба. Пазмрачнелы твар.

пазмрачне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць, зрабіцца змрочным, змрачнейшым. У полі адразу ўсё сціхла, нібы пазмрачнела, птушкі чародкамі і адна за адной падаліся ў лес. Кулакоўскі. Змянілася Зося. Прыгожы тварык як бы падпух, вочы пазмрачнелі. Лупсякоў.