паду́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак.
Тое, што і падзьмуць. К канцу дня .. раптам захаладала, падуў густы вецер-сівер. Чорны. Усхадзіўся быў вецер, падуў на .. пушчу і сціх. Пташнікаў.
паду́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.
Разм. Падучая хвароба; эпілепсія. Хварэць падучкай.
паду́чы, ‑ая, ‑ае.
Разм. У выразе: падучая хвароба гл. хвароба.
паду́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падушыць 1.
паду́шачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Памянш. да падушка (у 1 знач.); невялікая падушка. На многіх сенніках былі ўжо засланы прасціны, ляжалі падбітыя падушачкі, а самі гаспадыні прыхарошваліся. Пальчэўскі. // перан. Тое, што нагадвае па мяккасці, выпукласці і пад. невялікую падушку. Падушачкі пальцаў.
2. пераважна мн. (паду́шачкі, ‑чак). Гатунак цукерак з начынкай, якія нагадваюць па форме падушку.
паду́шачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да падушкі (у 1 знач.). Падушачная навалачка.
паду́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Пасцельная рэч — напханы пухам, пер’ем, сенам і пад. мяшок (звычайна чатырохвугольны), які падкладваюць пад галаву. Люба прачнулася, прыжмурыўшыся, паглядзела на вокны, пазяхнула і зноў навалілася тварам у цёплую падушку. Шамякін. Пачуўшы брэх сабакі, .. [Ігнат] падняў з падушкі галаву і прыслухаўся. Капыловіч. // Што‑н. мяккае, пухкае. Гэта тр[а]сянка, відаць, каторы год пласт за пластам адкладвалася і ўтварыла цэлую падушку. Лобан.
2. Спец. Назва падкладак у аснове механізмаў, збудаваннаў, якія змякчаюць штуршкі, гасяць вібрацыю, засцерагаюць ад ціску, а рання. Падушка падмурка.
•••
Кіслародная падушка — медыцынскі прыбор для ўдыхання кіслароду.
Паветраная падушка — слой сціснутага паветра, здольны прыўзняць што‑н. над вадой, зямлёй.
паду́шны, ‑ая, ‑ае.
Гіст. Які бярэцца з кожнага чалавека, з душы (у 3 знач.). Падушны падатак. // у знач. наз. паду́шнае, ‑ага, н. Асабісты падатак з падатковых саслоўяў, уведзены Пятром Першым.
падушы́цца 1, ‑душыцца; ‑душымся, ‑душыцеся, ‑душацца; зак.
1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Стаць душаным, памятым. Падушыліся ягады ў кошыку.
2. Разм. Задыхнуцца — пра ўсіх, многіх. Усе ледзь не падушыліся ад дыму. / Ужываецца як лаянка. [Платон:] — А куды ж гэта ездзілі паны? — На пошту, каб яны падушыліся. Чарнышэвіч.
падушы́цца 2, ‑душуся, ‑душышся, ‑душыцца; зак.
Апырскацца крыху духамі; злёгку надушыцца.
падушы́ць 1, ‑душу, ‑душыш, ‑душыць; зак., каго-што.
1. Задушыць усіх, многіх. Падушыць куранят.
2. Раздушыць, расціснуць, памяць. Падушыць яйкі.
3. Душыць некаторы час.
падушы́ць 2, ‑душу, ‑душыш, ‑душыць; зак., каго-што.
Апырскаць крыху духамі; злёгку надушыць. Падушыць сябе.