Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

падудзе́ць, ‑дуджу, ‑дудзіш, ‑дудзіць; зак.

Разм. Дудзець некаторы час.

паду́жацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Дужаючыся, памерацца сіламі; пазмагацца. Калі-нікалі хацелася з хлапчукамі, як бывала, наганяць галубоў або схапіцца са сваімі аднагодкамі і падужацца ўволю. Гроднеў. Дык хіба ж мы не здолеем Дружнай сям’ёй Скіраваць нашу рэчку, Падужацца з ёй? Куляшоў.

паду́жаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Перамагчы, асіліць у барацьбе. [Міша:] — Чаму так? Славік баксёр першага разраду, а падужаць мяне не можа. Мыслівец. Здавалася, што гаварыла возера Доўгае: «Ну, дзе вам падужаць мяне. Я маю такую сілу, што на ўсіх вас хопіць». Броўка. // Пераадолець чыё‑н. супраціўленне, справіцца з кім‑н. У саюзе будзь З рабочым класам, — Усіх і ўсё Падужаць зможам... Чарот.

2. Справіцца з чым‑н., што патрабуе фізічных намаганняў і пад. [Старожка:] — Памажыце мне прынесці тую канапу, а то я сама не падужаю. Шамякін.

падужэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які падужэў. Дадому з поля вярталася Алена як быццам яшчэ падужэлай. Васілевіч.

падужэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Разм. Стаць дужэйшым, набрацца сіл. Кубанец дастаў з прымацаванай да сядла скураной торбы кавалак хлеба і, падаючы Міхасю, сказаў: — На, браце, перакусі, адразу падужэеш. Машара. Пад савецкай горкаю цудоўнай Падужэў і вырас кожны з нас. Панчанка.

падузды́шны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца паміж рэбрамі і жыватом. Падуздышная мышца.

падула́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан падуладнага.

падула́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца пад уладаю каго‑, чаго‑н., залежны; несамастойны. Падуладныя краіны. □ Дзесьці далёка засталася вайна, перапоўненыя салдатамі эшалоны, лазарэт, і вось ён вольны, сам па сабе, нікому не падуладны чалавек. Галавач. // Падпарадкаваны волі, загаду каго‑, чаго‑н. Усе гукі зліліся неўзабаве ў адзін спеў машын, падуладных волі чалавека. Хадкевіч. У ліцейны цэх прыходзяць людзі смелыя і мужныя, бо гарачы метал падуладны толькі адважным. «ЛіМ». / у знач. наз. падула́дныя, ‑ых. Пан Счэхула добра ведаў магчымасці сваіх падуладных. Машара.

2. перан. Які паддаецца ўздзеянню, уплыву каго‑, чаго‑н. Мацней за ўсё памяць. Памяць народа. Яна не падуладна ні бурам, ні часу, ні войнам. Аляхновіч.

паду́мацца, ‑аецца; безас. зак., каму.

Разм. Прыйсці ў галаву, з’явіцца ў думках, уяўленні. «А што, калі пайсці з візітам да пісара? — падумалася Лабановічу: — Усе роўна схадзіць трэба, — такая ўжо завялася традыцыя». Колас. Ніне раптам падумалася, што Сяргей Аляксандравіч павінен добра танцаваць. Лобан.

паду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

1. Зак. да думаць.

2. Думаць некаторы час. Дачка падумала і кажа: — Нічога, тата, заўтра што-небудзь прыдумаем. Якімовіч.

3. 2 ас. адз. буд. паду́маеш у знач. выкл. Разм. Ужываецца для выражэння іроніі і пад. Падумаеш, далёкі свет — пяць кіламетраў. Васілевіч.

•••

Падумаць толькі! — ужываецца пры выказванні здзіўлення, указанні на незвычайнасць чаго‑н.