Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

паду́мваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Зрэдку, час ад часу думаць, раздумваць аб чым‑н. Сёй-той з.. [рэзервістаў] падумваў ужо аб узнагародах. Чорны.

2. Мець намер зрабіць, ажыццявіць што‑н. Гарачы хлопец, праўда, але сумленны, працавіты. Стаеў падумвае нават даць яму рэкамендацыю ў партыю. Савіцкі.

падупада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падупасці.

падупа́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які трохі запаў, уваліўся. Коні як коні, брыгадныя рабацягі, з падупалымі лінючымі бакамі. Лось.

2. Які пачаў занепадаць. Падупалая гаспадарка.

3. Слабы, хваравіты. Падупалы здароўем чалавек. // перан. Паніжаны; паслабелы. Падупалы настрой.

падупа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; зак.

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці да заняпаду, запусцець. Гаспадарка падупала.

2. Стаць слабым, хваравітым. Чалавек, мусіць, падупаў здароўем — не прайшла дарам блакада. Новікаў. // (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Панізіцца; паслабець (пра настрой, духі пад.). Дух на паляванні — магутная сіла. Падупаў духам — удачы не будзе... Навуменка.

падупра́віцца, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак., з кім-чым.

Разм. Управіцца ў асноўным, з большага. Падуправіцца з палявымі работамі. □ Надзя хутка падуправілася [з гаспадаркай], завязала хусту, аглядзелася ў люстэрка. Мыслівец.

падурне́ць, ‑ее; ‑еем, ‑ееце, ‑еюць; зак.

Разм. Здурнець — пра ўсіх, многіх.

падуры́цца, ‑дуруся, ‑дурышся, ‑дурыцца; зак.

Разм. Дурыцца некаторы час.

падуры́ць, ‑дуру, ‑дурыш, ‑дурыць; зак.

Разм. Дурыць некаторы час.

падурэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Разм.

1. Дурэць некаторы час. А хлопец.. [Іванка] быў жвавы, любіў падурэць. Кухараў. Як добра тут спыніцца, збочыць, І пагуляць, і падурэць. Кірэенка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Адурэць — пра ўсіх, многіх. — Накіраваць бы вас гной вазіць, а то вы тут падурэлі ад суму, — стрымліваючы ўсмешку, прамовіў Васіль. Шашкоў.

паду́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Рыба сямейства карпавых.