падма́нны, ‑ая, ‑ае.
Які ўводзіць у зман; падманлівы. Падманны рух. □ [Радыст:] — Я вымушаны быў звярнуць у другі бок, каб навесці.. [немцаў] па падманны след. Паслядовіч. Баласпай асадзіў кабылу. Па почырку арлінага лёту ён здагадаўся, што звер сумеў ашукаць птушку. Воўк ці хутчэй за ўсё ліса зрабіла падманную стойку. Беразняк.
падма́нуты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падмануць.
падману́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго і без дап.
1. Наўмысна сказаўшы няпраўду, увесці ў зман каго‑н. Завода па-ранейшаму не было.. «Адно з двух, — падумаў Васіль, — ці той сустрэчны [чалавек] падмануў мяне, ці сам ён, пэўна, не ведаў, дзе трактарны завод». Кулакоўскі.
2. Не выканаць абяцання, не апраўдаць чыіх‑н. спадзяванняў; падвесці, ашукаць. — А ты, капітан, не трывожся, — пачаў супакойваць.. [салдат]. — Раз абяцалі твае, што прышлюць каго-небудзь, значыць не падмануць. Чыгрынаў. / у перан. ужыв. Яўхім з радасцю падумаў, што поле каля цагельні і ў гэты год не падманула, урадзіла ўсім.. на зайздрасць. Мележ.
3. Разм. Салгаць, абмануць. — А дзе ж твая, сынку, шапка? — раптам запытаўся ў мяне бацька.. Што мне было адказаць бацьку? Падмануць, сказаць, што згубіў? Якімовіч.
падма́ншчык, ‑а, м.
Той, хто падманвае каго‑н. Падманшчыкі вы, хлусы... — недаверліва сказала .. [Таня], зазіраючы ў калодзеж. — Хіба ўдзень зоркі ўбачыш? Місько.
падмаргну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр., каму.
Маргнуць, ухваляючы што‑н. або робячы намёк ці звяртаючы ўвагу на што‑н. — Ды я ведаю, што пан шляхетны і не захоча крыўдзіць беднага чалавека, — шматзначна падмаргнуў селянін фурману. Пальчэўскі. Сярожа ўсміхнуўся і падмаргнуў сябру: «Я так і ведаў!». Шыловіч.
падмаро́жаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад падмарозіць.
2. у знач. прым. Які крыху зацвярдзеў ад марозу. Галінкі рабіны.. працягвалі.. [гаспадыні] свае густыя гронкі з падмарожанымі ягадамі. Дамашэвіч.
падмаро́жванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. падмарожваць — падмарозіць (у 1 знач.).
падмаро́жвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да падмарожваць (гл. падмарозіць у 1 знач.).
падмаро́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падмарозіць.