Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

падмацу́нак, ‑нку, м.

Разм. Тое, што падмацоўвае сілы, надае бадзёрасці. Пасілкаваўшыся і расплаціўшыся за падмацунак, Андрэй павольна падыбаў у суд. Колас. [Піліп Антонавіч:] — Ты вось, кабеціна, наконт падмацунку паклапаціся, а то ж чалавек з дарогі, прагаладаўся, мусіць, а потым ужо разбяромся, чыя праўда. Ляўданскі. Гаспадыня ж за сталом нічога не гаварыла, але пасля снедання і абеду прыносіла нам у гумно падмацунак. С. Александровіч.

падмачы́цца, ‑мочыцца; зак.

Тое, што і падмокнуць.

падмачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак., каго-што.

Крыху, злёгку намачыць; даць падмокнуць. З тыдзень, можа, свякруха пашыла з ёю ў ладах, а потым не было таго дня, каб не грызла за што-небудзь: дождж падмочыць сена — нявестка вінавата, квахтуха рэшата скіне — зноў нявестка вінавата. Гроднеў.

•••

Падмачыць рэпутацыю — знізіць чый‑н. аўтарытэт, выставіць з нядобрага боку. І трэба прызнацца — Мікалай Мірлікійскі выставіў Мікіту таксама з нядобрага боку і што называецца падмачыў яго рэпутацыю сталага хлопца ў вачах затонскіх старадумаў. Колас.

падме́н, ‑у, м.

Тое, што і падмена. Цяпер, на падмен бацьку і дзядзьку, я чытаю ўголас дома і на вячорках, моладзі і мужчынам. Брыль. Запелі над вёскаю новаю Піянеры — падмен камсамолу. Трус.

падме́на, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падмяніць.

2. Той, хто (або тое, што) падмяняе каго‑, што‑н. [Стася:] — То з дакументамі зацяжка выйшла, то падмены Тамашу доўга не магло знайсці начальства. Пальчэўскі.

падме́нены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падмяніць.

падме́нчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падмянціць.

падме́ньвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да падменьваць.

падме́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падмяніць.

падме́рзнуць, ‑не; пр. падмёрз, ‑мерзла; зак.

Крыху, злёгку замерзнуць, зрабіцца цвёрдым ад марозу. — А марозік патрэбен ужо. Хоць бы балота падмерзла трохі, — сказаў Кастусь. Шахавец. / у безас. ужыв. На дварэ падмерзла. // Папсавацца ад нізкай тэмпературы. Падмерзлі яблыкі. □ Падмерзла кволая атава, Каліны свецяцца кусты... Матэвушаў.