Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

падмалява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

Разм. Крыху, злёгку падфарбаваць сабе губы, шчокі.

падмалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.

1. Дадаць якія‑н. дэталі, штрыхі (на малюнку, фатаграфіі). Падмаляваць фон на фатаграфіі.

2. Паднавіць афарбоўку, падфарбаваць злёгку, дадаткова. Падмаляваць вокны. □ Дом [жыхары] ачысцілі, падмалявалі, здалі пад кватэры панам чыноўнікам. Брыль. // Разм. Падфарбаваць губы, бровы і пад.

3. перан. Маскіруючы недахопы, зрабіць факты больш прыемнымі. Падмаляваць рэчаіснасць у апавяданні.

падма́н, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. падмануць (у 1 знач.). — А пані вядома, — запытаў яе старшыня суда, — што за лжывае паказанні‑, за падман суда сведка павінен быць цяжка пакараны? Машара. // Мана, хлусня, ашуканства. І хоць.. [Горбікаў] ведаў, што хворыя месцы зарубцаваліся, прыкінуўся сухотным. Гэты яго падман выкрыла Наталля Максімаўна. Дудо. [Хамутоўскі:] — Хлусня ў вас, а не праўда! Падман адзін! Курто.

2. чаго. Памылковае, ілюзорнае ўяўленне; абман. Падман пачуццяў. □ [Федзя:] — Учора [фатаграфія на Дошцы гонару] сам бачыў — была. А сёння іду міма, зірнуў — няма... Галюцынацыя, думаю, падман зроку. Васілёнак.

падма́нванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падманваць.

падма́нвацца ​1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Дражніцца, узбуджаючы чыю‑н. цікаўнасць. Торба чамусьці вельмі ж поўная, і тата падманваецца, не хоча яе развязваць. Алесь злуецца, пачынае хныкаць. Брыль.

падма́нвацца ​2, ‑аецца; незак.

Зал. да падманваць.

падма́нваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падмануць (у 1, 2 знач.).

падманда́тны, ‑ая, ‑ае.

Які кіруецца іншай дзяржавай паводле мандата міжнароднай арганізацыі. Падмандатная тэрыторыя.

падма́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн., ‑нак; ж.

1. Тое, што і прынада. [Пушкарэвіч:] Паложыш падманку — як без атруты, то [ліса] з’есць, а як з атрутай, дык нават і ў той бок не глядзіць. Гурскі.

2. Састаўная частка назваў некаторых мінералаў, якія маюць характэрныя прыметы металаў, але не з’яўляюцца металічнымі рудамі. Смаляная падманка. Цынкавая падманка. Рагавая падманка.

падма́нлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць падманлівага. Неяк ноччу прайшоў дождж, і ранкам яблыня, здавалася, акрыяла, ажыла. Толькі гэта было падманлівасцю, часовым узбуджэнне. М. Ткачоў.

падма́нлівы, ‑ая, ‑ае.

Які тоіць у сабе падман, служыць асновай для няправільнага меркавання; падманны. Чорныя распушаныя вусы надаюць.. шырокаму твару [Мальчэўскага] сярдзіты, нават злосны выгляд. Але ўсе ў дэпо ведаюць, што выгляд гэты падманлівы. Васілёнак. Хто быў на фронце — ніколі не забудзе падманлівую цішыню перад боем. «Звязда».