Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

падару́нкавы, ‑ая, ‑ае.

Які прызначаецца для падарунка. Падарункавы набор духоў.

падарфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; зак., што і чаго.

Разм. Наарфаваць дадаткова. Падарфаваць крыху збожжа.

падарысо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Дарысаваць усё, многае. Падарысоўваць малюнкі.

падары́ць, ‑дару, ‑дорыш, ‑дорыць.

Зак. да дарыць ​1 (у 1 знач.).

падасі́навік, ‑а, м.

Ядомы грыб з чырвонай або чырвона-бурай шапкай. [Зіна Бандарчык] працягнула Веньяміну два крамяныя, чырвонагаловыя падасінавікі. Навуменка.

падасла́ны ​1, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падаслаць ​1.

падасла́ны ​2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падаслаць ​2.

падасла́цца, падсцялюся, падсцелешся, падсцелецца; зак.

Разм. Падаслаць пад сябе што‑н. Затым падумалі [сваякі] паспаць Пасля такое «працы». І вецце пачалі ламаць, Мякчэй каб падаслацца. Шымук.

падасла́ць ​1, ‑дашлю, ‑дашлеш, ‑дашле; ‑дашлём, ‑дашляце; зак., каго-што.

1. Паслаць, накіраваць спецыяльна, з якой‑н. тайнай мэтай. Я ўжо не сумняваўся, што Сцяпана падаслалі, каб выведаць, што я ведаю пра іх справы. Асіпенка. Можа гэта.. [Люба] падаслала сваю маці, каб тая і Шуру адгаварыла ехаць [у вёску]. Арабей.

2. Прыслаць, даставіць дадаткова. Падаслаць рабочых на будаўніцтва. Падаслаць яшчэ адну фурманку. Падаслаць грошай да стыпендыі.

3. Разм. Своечасова, к пэўнаму моманту, прыслаць. [Кастусь:] — Ты, брат, як ведаў, што я да цябе збіраюся: падводу падаслаў. Якімовіч.

падасла́ць ​2, падсцялю, падсцелеш, падсцеле; зак., што і чаго.

Паслаць што‑н. пад каго‑, што‑н. Падаслаць кажух пад бок. Падаслаць пярыну. □ — Эх, — уздыхнуў Лабановіч, — каб ведаў, дзе павалішся, там саломкі падаслаў бы... Колас. // каму, каго і без дап. Пакідаць подсцілу пад ногі жывёле. Падаслаць карове. Падаслаць гусей. □ Раз у тыдзень, а можа і радзей, браў.. [Сымон] жытнюю салому, каб падаслаць у хлявах. Чарнышэвіч.

падасно́ва, ‑ы, ж.

1. Спец. Ніжняя аснова ў тканінах, якія маюць дзве асновы.

2. перан. Сапраўдная прычына чаго‑н.; тое, на чым заснавана што‑н. Сацыяльная падаснова з’явы.

падаспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Прыйсці, з’явіцца ў патрэбны момант. — Нам неабходна пратрымацца некалькі дзён, — гаворыць Мяснікоў таварышам, — а тады падаспее падлюга... В. Вольскі. Да месца бою падаспеў камандзір брыгады з невялікай групай. Гурскі. // Быць гатовым у час, у патрэбны момант. Ляжыць [Воўк] і не здыхаецца, як запараны конь. Тут якраз і падаспела снеданне. Прынеслі яго Анюта, дачка Ваўка, і Гануся, пакаёўка пані Адэлі. Машара. // Настаць, падысці (пра тэрміны, з’явы і пад.). Важкія снапы жыта былі звезены ў гумно. Прыладзілі камбайн і патроху малацілі. Якраз падаспела і пара касіць атаву. Гроднеў. Ну, а як бліжэй сысціся з Іванам Луцкім? І тут падаспеў зручны выпадак. Новікаў.

2. Разм. Стаць гатовым для збору, уборкі (пра расліны, плады). [Андрэй Сцяпанавіч:] — Скончацца суніцы, чарніцы — пойдзем у маліны. А там падаспее ажына — цудоўная ягада. Мяжэвіч.