падасла́ць 1, ‑дашлю, ‑дашлеш, ‑дашле; ‑дашлём, ‑дашляце; зак., каго-што.
1. Паслаць, накіраваць спецыяльна, з якой‑н. тайнай мэтай. Я ўжо не сумняваўся, што Сцяпана падаслалі, каб выведаць, што я ведаю пра іх справы. Асіпенка. Можа гэта.. [Люба] падаслала сваю маці, каб тая і Шуру адгаварыла ехаць [у вёску]. Арабей.
2. Прыслаць, даставіць дадаткова. Падаслаць рабочых на будаўніцтва. Падаслаць яшчэ адну фурманку. Падаслаць грошай да стыпендыі.
3. Разм. Своечасова, к пэўнаму моманту, прыслаць. [Кастусь:] — Ты, брат, як ведаў, што я да цябе збіраюся: падводу падаслаў. Якімовіч.
падасла́ць 2, падсцялю, падсцелеш, падсцеле; зак., што і чаго.
Паслаць што‑н. пад каго‑, што‑н. Падаслаць кажух пад бок. Падаслаць пярыну. □ — Эх, — уздыхнуў Лабановіч, — каб ведаў, дзе павалішся, там саломкі падаслаў бы... Колас. // каму, каго і без дап. Пакідаць подсцілу пад ногі жывёле. Падаслаць карове. Падаслаць гусей. □ Раз у тыдзень, а можа і радзей, браў.. [Сымон] жытнюю салому, каб падаслаць у хлявах. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)