Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

падаро́жжа, ‑а, н.

1. Паездка на чым‑н. або пешы паход (звычайна далёка ад таго месца, дзе жывеш). Падарожжа па моры. Кругасветнае падарожжа. □ Яшчэ з зімы рыхтавала.. [Ліда] вучняў да.. падарожжа па вобласці. Шамякін.

2. Літаратурны жанр. Сяргей кульгаў, ходзячы па пакоі, разглядаў падоўгу два тоўстыя тамы падарожжаў Пржэвальскага ў бліскучай .. вокладцы і хваліў камсамольцаў. Галавач.

падаро́жная, ‑ай, ж.

Гіст. Дакумент на права карыстання ў дарозе казённымі коньмі.

падаро́жнік ​1, ‑а, м.

1. Чалавек, які падарожнічае, вандруе; вандроўнік. Шматлікія гарадскія ратушы, саборы, храмы, палацы вабяць падарожніка. Сачанка. Дапытлівых і смелых вабяць і клічуць дарогі! Адных чакаюць нязведаныя сцежкі падарожнікаў і даследчыкаў, другіх — паветраныя прасторы, трэціх — марскія шляхі. Шыловіч.

2. Той, хто знаходзіцца ў дарозе. Трапілі аднойчы ў тую вёску, дзе жыў Іванка Прастачок, тры старцы-падарожнікі. Куды ні зойдуць — усюды пуста, ні жывой душы: усіх паны на работу пагналі. Якімовіч. Хімка навучала сына Адася.., каб добра пільнаваў хату, — бо .. яны жылі канцавымі і шмат заходзіла падарожнікаў. Гурскі.

падаро́жнік ​2, ‑у, м.

Тое, што і трыпутнік. Дарогі той нідзе не было.., было звычайнае поле, якое зарасло скрозь лапушыстым падарожнікам, рамонкам, сівым купчастыя палыном... Сачанка. Двор увесь зарос падарожнікам, густым, цёмным. Пташнікаў.

падаро́жніца, ‑ы, ж.

Жан. да падарожнік ​1.

падаро́жніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да падарожжа, падарожніка ​1.

падаро́жніцтва, ‑а, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падарожнічаць; падарожжа.

падаро́жнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Рабіць падарожжы, вандраваць. Падарожнічаць па Еўропе. □ [Сястра] не магла даўмецца, адкуль я ўзяўся ў такую непагадзь і бездарожжа. Я кажу, што падарожнічаю ў гэтых краях. Скрыган.

падаро́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да падарожжа, звязаны з падарожжам. Падарожныя ўражанні. Падарожныя нататкі. □ У школе Генька асабліва захапляўся падарожнай рамантыкай. Паслядовіч.

2. Які звязаны з дарогай (у 4 знач.); дарожны. Бацька добра ведаў усе дзяціныя радасці і кожны раз пакідаў у сумцы які-небудзь акрайчык ад свайго падарожнага абеду. Кірэенка. // Які знаходзіцца ў дарозе. — А падарожныя людзі ўсё аддаляліся і аддаляліся ад вёскі і хутка зусім зніклі за снежнай пеляной завеі. Лынькоў. // Які накіроўваецца ў адну дарогу, у аднолькавым напрамку з кім‑н. За вёскай Грыша падняў руку, каб спыніць падарожную машыну. Пальчэўскі.

3. у знач. наз. падаро́жны, ‑ага, м.; падаро́жная, ‑ай, ж. Падарожнік ​1. Падарожныя распраналі доўгія кажухі. Мальдзіс. Можна ў вас абсушыцца падарожнаму? — жаласліва спытаў Хведар і, мокры да ніткі, ступіў у хату. Ваданосаў.

4. Гіст. Які плаціўся за праезд на паштовых конях у Расіі ў 18–19 стст. Падарожныя грошы.

падаро́слець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Абл. Стаць з выгляду больш дарослым. [Маці] толькі цяпер заўважыла, што Вова падарослеў, падужэў. Марціновіч. [Туравец:] — За два гады .. [партызанскага жыцця], Вася, чалавек можа пасталець гадоў на дзесяць... Твайму пакаленню якраз і давялося падарослець і памужнець раней пары. Мележ.

падару́нак, ‑нка, м.

Тое, што дораць, што падорана. Сват хадзіў з рэшатам, абдзяляў гасцей цукеркамі і збіраў падарункі маладым. Васілевіч. Пасярод зямлянкі стаяў добры дубовы стол — работа рук Карпа Маеўскага, яго падарунак камандзіру і камісару. Шамякін.