Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

падастава́ць, ‑стаю, ‑стаеш, ‑стае; ‑стаем, ‑стаяце; зак., што.

1. Дастаць, выцягнуць усе, многае або вялікую колькасць чаго‑н. Падаставаць кнігі з шафы. □ Невядомы.. падаставаў цвічкі, якія трымалі шкло, выняў шыбу і, прасунуўшы руку ў сярэдзіну, адшчапіў кручок. Курто. [Антон Аўдзеевіч:] Колькі.. [лейтэнант] падаставаў мін, колькі разоў хадзіў па краю бездані... Кірэенка. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выняць што‑н. схаванае — пра ўсіх, многіх. Апусцела пляцоўка: адны пайшлі абедаць у сталоўку, другія падаставалі загорнутыя ў газеты пакуначкі, паселі на шпалы і са смакам падмацоўваліся. Дадзіёмаў. Канвойнікі спыніліся пад вярбою, зараз жа падаставалі кісеты і пачалі вярцець папяросы. Колас.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Набыць, раздабыць што‑н. — пра ўсіх, многіх. — Нашы хлопцы немаведама скуль падаставалі стрэльбы і давай жарыць. Чарот.

падасыла́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Даслаць, паслаць дадаткова — пра ўсё, многае.

падасыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

Дасыпаць да якога‑н. узроўню ўсё, многае. Падасыпаць мяшкі збожжам. // Дасыпаць нейкую колькасць чаго‑н. ва ўсё, многае. Падасыпаць жыта ў засекі.

падасява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Дасеяць што‑н. у многіх месцах. // (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Завяршыць сяўбу — пра ўсіх, многіх. Падасявалі лён усе брыгады.

пада́так, ‑тку, м.

1. Абавязковы збор з прадпрыемстваў і насельніцтва, які вызначаецца дзяржавай. Падаходны падатак. □ Зняў сельсавет незаконны падатак на ўдаву, хворую жанчыну. Васілевіч.

2. Тое, што і паборы.

•••

Ускосныя падаткі — падаткі, якія ўключаюцца ў прадажную цану тавару; акцыз.

падаткаабклада́нне, ‑я, н.

Абкладанне падаткам.

падатказдо́льнасць, ‑і, ж.

Спец. Наяўнасць прымет, пры якіх па закону належыць плаціць падатак.

падатказдо́льны, ‑ая, ‑ае.

Які здольны плаціць падатак.

падатка́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падаткаць.

падаткаплаце́льшчык, ‑а, м.

Той, хто плаціць падатак.