Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

падаража́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да падаражаць (у 2 знач.).

падаража́ць, ‑ае; зак. і незак.

1. зак. Стаць, зрабіцца даражэйшым, павысіцца ў цане. — Зямлі так і не купілі? — Не. Пакуль збіралі грошы, зямля падаражала. — Ну, цяпер .. [бацькам] не трэба думаць пра зямлю, няхай працуюць толькі, — сказаў Грыша. Пальчэўскі.

2. незак. Павышаць кошт чаго‑н. Далёкія перавозкі падаражаюць сабекошт тавараў.

падаражы́ць, ‑жу, ‑шыш, ‑жыць; зак., што.

Разм. Зрабіць даражэйшым, павысіць у цане. Падаражыць мантажныя работы.

падаражэ́ць, ‑эе; зак.

Стаць, зрабіцца больш дарагім, павысіцца ў цане. Мэбля падаражэла. □ Паступова вайна зазірала з вуліцы ў дамы, у сем’і, у жыццё чалавека, не мінаючы нікога. Мне, пакуль што, толькі падаражэлі прадукты. Гарэцкі.

пада́рак, ‑рка, м.

Тое, што і падарунак. [Настаўнік:] — Якая ты [Аленка] разумная і мілая! Вось табе падарак ад мяне. Колас.

падара́ць, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; ‑аром, ‑араце; зак., што і чаго.

Разм. Узараць дадаткова. Падараць яшчэ крыху поля.

пада́рачны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для падарка. Падарачны набор.

падарва́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падарваць.

падарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. Загінуць, разбурыцца, пацярпець катастрофу ў выніку выбуху. На другі дзень у Выселках здарылася няшчасце: падарваўся на міне хлопчык. Шамякін.

2. перан. Зрабіцца горшым, аслабець. Здароўе падарвалася. // Захварэць ад цяжкай працы або ад падымання чаго‑н. цяжкага. — Па два [кашы] не цягай! — крыкнуў.. [Івану] Андрэй. — Падарвешся! Чарнышэвіч.

падарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.

1. Знішчыць, разбурыць узрывам. Падарваць танк. Падарваць мост. □ Каб не здавацца ў рукі ворагу, «Вараг» падарвалі і падтрымалі славу рускага флоту. Колас.

2. перан. Нанесці шкоду, аслабіць, разладзіць. Падарваць аўтарытэт. □ Гераічная барацьба лепшых сыноў рабочага класа падарвала ўстоі самаўладства, устоі векавечнай цемры, няволі. Купала. // Разм. Сапсаваць сваё або чыё‑н. здароўе. [Асмалоўскі:] — Хоць бы пасаромеўся, што нябожчыцу-жонку падарваў на рабоце. Сіўцоў.

•••

Падарваць жывот (жываты) — тое, што і надарваць жывот (жываты) (гл. надарваць).