Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шво́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

Абл. Корпацца, поркацца. Толькі ў сваім куту шворыўся і шамацеў не то паперай, не то плашч-палаткай Майсей, укладваючыся спаць. С. Александровіч.

шво́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Абл. Вадзіць рукой, мацаць, вышукваючы што‑н. Мы доўга шворылі там рукою, прыслухоўваючыся, ці не гарачае збожжа. Скрыган.

швы́дкі, ‑ая, ‑ае.

Абл. Хуткі. Разгорнем тэмп работы швыдкі Праз гутаркі і чыткі. Колас. Мігам пранясліся шчаслівыя хвіліны, швыдкія, як маланка, і ў той жа час — доўгія, зацяжныя... Гартны.

швэ́ндацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. неадабр. Хадзіць узад-уперад без справы, без занятку; брадзіць, сноўдацца. — А мой чалавек недзе па дварэ швэндаецца, — быццам адгадваючы Аленіны думкі, гаворыць Малання. Мележ. Міколку з дзедам спынілі некалькі чалавек, акружылі, запыталі сурова: — Што вы за людзі? Чаго паначы швэндаецеся па лесе? Лынькоў.

швэ́ндаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і швэндацца. — Ды я ўсё зрабіў, даўно дома, — кажу.. [Аксенні]. — А дзе гэта ты столькі швэндаеш? Кавалёў.