Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хіндуста́нец,

гл. хіндустанцы.

хіндуста́ні, нескл., м.

Народна-гутарковая мова Індыі, якая склалася на аснове дыялектаў хіндзі; найбольш пашыраная з новаіндыйскіх моў.

[Hindustani — назва Індыі (на мове хіндустані).]

хіндуста́нка,

гл. хіндустанцы.

хіндуста́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хіндустанцаў, які належыць, уласцівы ім.

хіндуста́нцы, ‑аў; адз. хіндустанец, ‑нца, м.; хіндустанка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. хіндустанкі, ‑нак; ж.

Назва карэннага насельніцтва Індыі.

хіні́н, ‑у, м.

Белы крышталічны горкі на смак парашок, які атрымліваецца з кары хіннага дрэва і выкарыстоўваецца ў медыцыне для лячэння малярыі і ў акушэрскай практыцы.

хі́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да хіны, уласцівы ёй. Хінны смак. Хінны пах. // Які ўтрымлівае хіну, хінін (пра дрэва). Хіннае дрэва.

2. Прыгатаваны з хіны, з хінай. Хінная вада. Хінныя парашкі.

хіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; незак.

1. Нахіляцца, нагінацца. Не налажылася.. [Рыгорыха] да гэтакай работы. Тут пілу тузае, як папала, сама ўгору глядзіць, ці не хінецца ў гэты бок вяршыня. Крапіва.

2. перан. Мець ахвоту да чаго‑н., захапляцца чым‑н. Вось той жа Лапцін. Паглядзіш — быццам і стараецца, усё правільна робіць: у каго прагул — скажа, хто да гарэлкі асабліва хінецца — пры ўсіх крычыць. Савіцкі. Цяжка было зразумець, чаму такі дужы, плячысты хлопец зусім не хінецца да зямлі, не мае да яе ласкі. Шахавец.

3. перан. Мець цягу да каго‑н., сімпатызаваць каму‑н. [Ігар] зразумеў, што кахае Рэню мацней, чым да гэтага кахаў іншых дзяўчат. А вось Рэня не хінулася да яго. Сіняўскі. [Марыля:] Але ты [Зося] не ведаеш, што цябе чакае, як будзеш так хінуцца к яму, як калінка да явара? Сябе згубіш і нас вечным сорамам абняславіш. Купала. // Шукаць збліжэння з кім‑н. Марат чамусьці хінуўся да хлопцаў больш сталых, да тых, у каго на выцвілых гімнасцёрках яшчэ былі відны сляды ад ордэнаў. «ЛіМ». Юзік сам не ведаў аб сваёй папулярнасць Быў ён чалавек ціхм[я]ны і трымаўся сваёй пугі, як другі чалавек зямлі, і ні да чога і ні да кога не хінуўся. Хадановіч.

хіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; незак., каго-што.

1. Нахіляць, нагінаць. Я падняўся ад сырой пліты, але нехта хінуў маю галаву долу, і я не бачыў сцежкі. Пташнікаў.

2. перан. Выклікаць прыхільнасць да сябе, схіляць на свой бок. Але «чужак» быў бескарыслівы — вось што хінула да яго людзей, вось што дазваляла належным чынам ацаніць і яго талент, і яго памкненні. М. Стральцоў. // Накіроўваць на што‑н. (думку, справу і пад.). — Адным словам, усё ў вас там ціха і гладка, — не зусім ясна для мяне было, куды хінуў сакратар. Кухараў.

3. Прыхіляць, гарнуць да сябе. Малога на рукі бярэ, Хіне да грудзей яго горача, Каб матчыным сэрцам сагрэць... Калачынскі. Алег пачаў хінуць Людмілу да сябе, але яна заставілася рукамі. Ермаловіч. І .. [Чыжык] хінуў Зосю да сябе, бо ў ёй як бы было сабрана ўсё хараство зямлі. Лупсякоў.

хі́пі, нескл.; адз. няма.

Прадстаўнікі моладзі ў капіталістычных краінах, якія адмаўляюць існуючыя маральныя асновы, грамадскія нормы паводзін і вядуць валацужніцкае жыццё. // Пра чалавека, які вядзе сябе экстравагантна, знарок прэтэнцыёзна, не так, як іншыя, апранаецца.